жарсцвя́ны, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка распадаецца на жарству. Жарсцвяны камень. // Які складаецца з жарствы, пакрыты жарствой. Жарсцвянае дно ракі.
жарт, ‑у, М ‑рце, м.
1. Забаўная выхадка, востры дасціпны выраз. Жарты сыпаліся за жартамі, — толькі смех разліваўся па балоце. Колас. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.
2. Кароткае апавяданне з забаўным, смешным зместам.
3. Невялікая камічная п’еса. П’еса-жарт у адной дзеі.
4. у знач. прысл. жа́ртам. Не сур’ёзна, для забавы. Найбольш падсмейваліся над барадатым высокім мужчынам, якога звалі жартам «барада». Мележ.
•••
Без жартаў — сур’ёзна, не жартуючы.
Дрэнныя жарты — небяспечна з кім‑, чым‑н. жартаваць.
Жарты жартамі — ужываецца з супраціўным злучнікам у значэнні: так ці інакш. Жарты жартамі, а трывога закрадалася ў сэрца Андрэя. Шахавец.
Жарты на (у) бок — ужываецца як папярэджанне аб пераходзе да сур’ёзнай размовы.
Жарты строіць гл. строіць.
Не да жартаў каму — пра чыё‑н. цяжкае становішча, дрэнны настрой і пад.
Не жарты — пра што‑н. важнае, значнае, сур’ёзнае. Цяжка было — страшэнна. Два разы адкладалі справу — не жарты. Скрыган.
Не на жарт(ы) — вельмі сур’ёзна. Патрэсканай зямлі журботны воблік Трывожыць не на жарт усіх людзей. Панчанка.
жартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. з кім і без дап. Гаварыць або рабіць што‑н. несур’ёзна, смехам, для пацехі. Звінелі коні цуглямі, Паводдзе з плота рвалі, А з коннікамі смуглымі Дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў. // Весела вастрасловіць. — А ты, бачу, не забыў, што граблямі завецца, — жартаваў старшыня. Васілевіч.
2. з каго-чаго і без дап. Насміхацца, кпіць. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў.
3. з кім-чым. Несур’ёзна, безуважна адносіцца да каго‑, чаго‑н., недаацэньваць каго‑, што‑н. Са здароўем чалавека жартаваць нельга. Шахавец. З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч.
4. Гаварыць, рабіць што‑н. нарокам, легкадумна. — Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца. — Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Якімовіч.
•••
Жартаваць (гуляць) з агнём — рабіць тое, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.
жартаўлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан жартаўлівага. Сабастыян стараўся падаць свайму голасу як мага больш адценняў жартаўлівасці. Чорны. // Жартаўлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нягледзячы на нешта нялёгкае ў сваёй душы, .. [Джулія] ахвотна паддавалася яго жартаўлівасці. Быкаў.
жартаўлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да жартаў, ахвочы пажартаваць (пра чалавека). Мая цвёрда верыла ў сваё шчасце і, як раней, была вясёлая, жартаўлівая. Дуброўскі. // З адценнем жарту. Жартаўлівы тон.
2. Які ўспрымаецца як жарт, робіцца не ўсур’ёз. Жартаўлівыя частушкі. Жартаўлівая размова.
3. Вясёлы, гуллівы, гарэзлівы. Чакаю, каб на твар, заліты потам, Хоць раз павеяў вецер жартаўлівы. Васілёк.
жартаўні́к, ‑а, м.
Той, хто любіць жартаваць (у 1 знач.). К таму ж яшчэ .. [Сымон] быў вясёлы, На байкі здатны, на язык. І словы сыпаў, як з прыполу, Жаданы ўсюды жартаўнік. Колас.
жа́ртачкі, ‑чак; адз. няма.
Разм.
1. Тое, што і жарт (у 1 знач.). Кошцы жартачкі, а мышцы смерць. Прыказка.
2. у знач. вык. Пра вельмі складаную задачу, сітуацыю. — Жартачкі — пракарміць сотні сем’яў! — усхвалявана гаварыў Сцяпура. Новікаў.
3. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка. — Ой, дзядзька Нупрэй! — усклікнула цётка. — Вам усё жартачкі, а я як падумаю, што акно прыйдзецца затыкаць падушкай, дык аж сорам перад людзьмі. Рылько.
•••
Не жартачкі — тое, што і не жарт(ы) (гл. жарт). Не жартачкі — ехаць на тры месяцы, можна сказаць, на самастойную працу. Васілевіч.