жартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. з кім і без дап. Гаварыць або рабіць што‑н. несур’ёзна, смехам, для пацехі. Звінелі коні цуглямі, Паводдзе з плота рвалі, А з коннікамі смуглымі Дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў. // Весела вастрасловіць. — А ты, бачу, не забыў, што граблямі завецца, — жартаваў старшыня. Васілевіч.
2. з каго-чаго і без дап. Насміхацца, кпіць. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў.
3. з кім-чым. Несур’ёзна, безуважна адносіцца да каго‑, чаго‑н., недаацэньваць каго‑, што‑н. Са здароўем чалавека жартаваць нельга. Шахавец. З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч.
4. Гаварыць, рабіць што‑н. нарокам, легкадумна. — Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца. — Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Якімовіч.
•••
Жартаваць (гуляць) з агнём — рабіць тое, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)