ядва́бны, ‑ая, ‑ае.
Уст. і паэт. Шаўковы. Астаўся ў памяці трошкі прыспушчаны з галавы чорны, шырокі, здаецца, аксамітны, а можа ядвабны шалік. «Маладосць». Заграбае пракосы дзяўчына... Сонца кос яе пасмы залоціць, Яны ззяюць красою ядвабнай. Гурло.
ядзе́нне, ‑я, н.
Разм.
1. Прыём ежы; яда (у 1 знач.). [Доктар] упэўніваў, што пры такім, людскім спосабе ядзення — пайка нашага нам зусім досыць. Гарэцкі.
2. Тое, што ядуць і п’юць; ежа. Пасля сходу Супрон пазваў лепшых прамоўцаў і пачаставаў іх нарыхтаваным ядзеннем на вяселле. Чарот.
я́дзерка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.
1. Памянш. да ядро (у 1 знач.); невялікае ядро. Якая магутная сіла была схавана ў тым маленькім жаўтаватым масляністым ядзерку [кедра]!.. Савіцкі.
2. У біялогіі — невялікае шарападобнае цельца, якое знаходзіцца ў ядры раслінных і жывёльных клетак.
я́дзерны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ядра (у 1, 2, 5 і 6 знач.). Ядзернае рэчыва. Ядзерная абалонка. Ядзерная частка клеткі. // Які змяшчае ў сабе ізатопы радыеактыўнага рэчыва. Ядзернае паліва.
2. Які мае адносіны да працэсаў, што адбываюцца ў атамным ядры, звязаны з гэтымі працэсамі. Ядзерная рэакцыя. Ядзерны распад. Ядзернае выпрамяненне.
3. Заснаваны на выкарыстанні энергіі атамнага ядра. Ядзерная зброя. Ядзерная электрастанцыя. // Звязаны з выкарыстаннем энергіі атамнага ядра, атамнай зброі. Ядзерныя выпрабаванні. Ядзерная палітыка.
4. Які валодае тэхналогіяй выпрацоўкі і выкарыстання энергіі атамнага ядра. [Дэлегат] прапанаваў: давайце запішам, што ядзерныя дзяржавы абавязваюцца не прымяняць ядзернай зброі супроць другіх дзяржаў. Кавалёў.
•••
Ядзерная тэхніка гл. тэхніка.
Ядзерная фізіка гл. фізіка.
Ядзерная хімія гл. хімія.
Ядзерная электроніка гл. электроніка.
Ядзерная энергетыка гл. энергетыка.
Ядзерная энергія гл. энергія.
Ядзерны рэактар гл. рэактар.
я́дзерца, ‑а, н.
Разм. Тое, што і ядзерка.
я́дзершчык, ‑а, м.
Разм. Спецыяліст па ядзернай фізіцы. — Цікавыя людзі атрымаліся з вашых аднагодкаў? — Ёсць аграномы, урачы, лётчыкі, інжынеры, а адзін, Толік Сідуноў, кажуць, недзе там, што трымаецца пад вялікім сакрэтам. Ядзершчык ці нешта ў гэтым сэнсе. Радкевіч.
ядкі́, ‑ая, ‑ое.
Абл. Які са смакам есца, ахвотна з’ядаецца; смачны, пажыўны. Як верашчака ў дно спадала, То маці есці пакідала Ды йшла ў камору па другое, Яшчэ больш смачнае, ядкое, І тарабаніла сюды Для заканчэння ўжо яды Тварог, запраўлены смятанай. Колас.
ядлаўцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ядлоўцу, уласцівы яму. Ядлаўцовы куст. □ Сцелецца дым ядлаўцовы па ніве. Вялюгін. // Зроблены з драўніны ядлоўцу. Максім спыніўся і выставіў уперад ядлаўцовае пугаўё. Дайліда. // Прыгатаваны з пладоў ядлоўцу, з пладамі ядлоўцу. Ядлаўцовая настойка.
ядлаўцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Гарэлка, настоеная на ягадах ядлоўцу.
ядло́вец, ‑лоўцу, м.
Вечназялёны куст, радзей дрэва, расліна сямейства кіпарысавых з ягадападобнымі чорна-сінімі пладамі. За дарогай адразу кусцікі, хвойкі, ядловец. Быкаў. Ядловец быў повен чорных ягад. Чорны.