шэ́льма, ‑ы, м. і ж.
1. Махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец. — Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце! — Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі — Так спрытна шэльма мерае. Крапіва. — Ага, шэльма, — захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на .. [чалавека] і хватаючы яго за рукі. Чорны. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен, апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.
2. Хітрун, круцель, дураслівец, махляр (звычайна ўжываецца як выражэнне захаплення, спагады, адабрэння). — Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка... Зарэцкі. [Каваль:] — І дарога грыміць, І душа спявае. І людзі глядзяць і радуюцца: бач, як ляціць, шэльма!.. Савіцкі.
шэльф, ‑а, м.
Спец. Прыбярэжная частка дна сусветнага акіяна вакол мацерыка; мацерыковая водмель.
[Англ. shelf.]
шэ́нкель, ‑я, м.
Спец. Унутраная, звернутая да каня, частка нагі конніка ад калена да шчыкалаткі, якая дапамагае кіраваць канём. Уладзік даў каню шэнкеля. Васілевіч.
[Ням. Schenkel.]
шэ́нціць, ‑ціць; безас. незак.
Разм. Тое, што і шанцаваць. Некаторым дзяўчатам, што называецца, шэнціць у жыцці. Дубоўка. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы яго [Рыбака] міналі. Быкаў.
шэ́пат, ‑у, М ‑наце, м.
Разм. Тое, што і шэпт. Яшчэ гучыць у маім сэрцы Твой шэпат, голас ціхіх мар. Колас.
шэпт, ‑у, М ‑пце, м.
1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.
2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.
3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.
шэ́птам, прысл.
Вельмі ціха, бязгучна. — Палова на другую [гадзіну], — адказаў я шэптам, каб не разбудзіць астатніх. Ляўданскі.
шэ́ра,
1. Прысл. да шэры (у 1, 3 знач.).
2. у знач. вык. Пра хмурную пагоду. На дварэ было шэра і кісла, у вокны пёрся буйны і дажджысты вецер. Лобан. // Пра прыцемкі. У хаце шэра без агню і ціха. Брыль. // Пра адсутнасць утульнасці памяшкання, пакоя і пад. У хаце Нупрэя Сазанчука з’явіліся абразы і зніклі найбольш каштоўныя гаспадарчыя рэчы, стала няўтульна, шэра. Кавалёў.
шэра...
Першая састаўная частка складаных прыметнікаў, якая надае значэнне «шэры», напрыклад: шэравокі.
шэраво́кі, ‑ая, ‑ае.
Які мае шэрыя вочы. І тварам .. [Валя] прыгожая — румяная, шэравокая, і характарам харошая — адыходлівая, вясёлая, працавітая, ласкавая і, самае галоўнае, — Іллю кахае. Мяжэвіч.