шэпт, ‑у, М ‑пце, м.
1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.
2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.
3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)