шко́льнік, ‑а, м.
Вучань пачатковай ці сярэдняй школы. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Брыль. Паглядзіце, як свежымі ранкамі, Калі ўмытыя ліпы расой, Нашы школьнікі з поўнымі ранцамі Прабягаюць вясёлай гурмой. Бялевіч.
шко́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы школьніку, яго ўзросту. Са школьніцкай гарэзлівасцю крыкнула.. Любка [Коху]: — Ты зусім не ведаеш.. слова [патрыятызм]. Лынькоў.
шко́льніцтва, ‑а, н.
1. Разм. Школьныя гады жыцця. Дзесяць год школьніцтва.
2. Школьніцкія паводзіны, учынкі; гарэзлівасць. Яго характар вызначаўся школьніцтвам.
шко́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Свавольна сябе паводзіць; гарэзнічаць.
шко́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да школы (у 1, 2 знач.). Школьны будынак. Школьны двор. Школьная сістэма ацэнкі ведаў. // Які абслугоўвае школу, працуе ў школе. Школьныя настаўнікі. Школьны ўрач. Школьная бібліятэка.
2. Звязаны з навучаннем у школе, знаходжаннем у школе. Школьныя прыналежнасць. Школьная форма. Школьны ўзрост. Школьныя гады. Школьны таварыш. Школьныя канікулы. □ Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Панчанка.
3. Праведзены, выкананы ў школе, школьнікамі, сярод школьнікаў. Школьная насценгазета. □ Перадавалі аб усім: .. на колькі працэнтаў выканала дзённае заданне брыгада цесляроў, хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін. // Які складаецца са школьнікаў, створаны школьнікамі (звычайна адной школы). Школьны хор. Школьная самадзейнасць. Школьная каманда гімнастаў. // Прызначаны для школьнікаў; разлічаны на школьнікаў. Школьны лекторый.
4. перан. Несамастойны, вучнёўскі, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Школьныя разважанні.
шкот, ‑а, М шкоце, м.
Спец. Снасць, якая служыць для расцягвання ветразяў і кіравання імі ў час руху судна.
[Гал. schoot.]
шко́тавы, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да шкота. Шкотавы вузел. Шкотавы вугал.
2. у знач. наз. шко́тавы, ‑ага, м. Матрос, які кіруе шкотамі.