Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шка́лік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і кілішак. Сунуўшы скрыпку пад паху, хукае [Герасім Іванавіч] на пальцы, нібы толькі што з марозу, і бацька разумее гэты жэст беспамылкова: налівае яшчэ адзін шкалік гарэлкі. Карамазаў.

шкаля́р, ‑а, м.

Разм.

1. Школьнік, вучань. І як ён [чэх] схібіў, збавіў тону, Прыняў пасіўна так удар! Успомніць сорам — як шкаляр! Колас. Хлапчукі пераважна з тых, хто ў школу яшчэ не ходзіць, але ёсць і шкаляры, якія цішком шуснулі з калоны і ўскарабкаліся на дрэва, каб падзівіцца на цуд. Навуменка.

2. Зніж. Пра дарослага чалавека з абмежаваным узроўнем ведаў, які не ўмее самастойна мысліць і дзейнічаць. Гэта Алесь гарлапаніць на двары. Да дваццаці чатырох гадоў дажыў, ды так шкаляром і застаўся. Пінчук.

шкаля́рскі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае адносіны да шкаляра, уласцівы яму. — Валіся дрэва на дрэва, — кінуў дзед вечную шкалярскую прыказку. Караткевіч. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі. Мележ.

2. Зніж. Несамастойны, начотніцкі. Шкалярскі падыход да вывучэння тэорыі.

шкаля́рства, ‑а, н.

Разм.

1. Паводзіны ці стан шкаляра.

2. Зніж. Несамастойны, начотніцкі падыход да чаго‑н. Творчая вучоба К. Чорнага на ўзорах класікі не была ні ў якой ступені шкалярствам адарванага ад сучаснасць мастака. Адамовіч.

шканды́банне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шкандыбаць.

шканды́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Накульгваючы, ісці; чыкільгаць. Абапіраючыся правай рукой на штыкеціны плота, Сцёпка шкандыбаў дахаты. Пальчэўскі. [Дзядзька] шкандыбаў на драўлянай назе да пары сытых .. коней. Сачанка.

шка́нцавы, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да шканцаў, які знаходзіцца на шканцах. Шканцавы тэнт. Шканцавая сетка. Шканцавы журнал.

2. Які нясе вахту на шканцах. Шканцавы афіцэр.

шка́нцы, ‑аў; адз. няма.

Спец. Сярэдняя частка верхняй палубы ваеннага карабля (ад грот-мачты да юта), дзе адбываюцца ўсе афіцыйныя цырымоніі (агляды, парады, сустрэчы і пад.). Каманда выстраена на шканцах. Правыя шканцы. Левыя шканцы.

[Гал. schans.]

шкарлу́піна, ‑ы, ж.

1. Цвёрдая прыродная абалонка чаго‑н. (яйца, арэха і пад.). Шкарлупіны вавёрка спачатку абнюхвала чорненькай пыскай, а потым грэбліва выкідала з клеткі: навошта яны ёй? Даніленка. / у вобразным ужыв. Сонца — вялікае, жоўтае куранятка — Наклюнула свінцовую шкарлупіну неба. Кляўко.

2. перан. Тое, што абмяжоўвае, замыкае ў якой‑н. вузкай сферы, адасабляе ад асяроддзя, перашкаджае дзейнічаць, развівацца. Пасіўнасць, замкнёнасць .. у сваёй шкарлупіне.. — усё гэта недахопы, ад якіх не ўсе мы пазбаўлены. «Полымя».

шкарлупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шкарлупіны. На белым пяску валяюцца рэшткі шкарлупіння ад яек балотных і вадаплаўных птушак. В. Вольскі.

2. перан. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае значэння для сутнасці чаго‑н. Адрозніваць істотнае ад пустога шкарлупіння.