чыстапаро́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чыстапароднага. Чыстапароднасць статка.
чыстапаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць да якой‑н. адной пароды, мае ўласцівыя ёй прыкметы (пра свойскую жывёлу). Чыстапародная жывёла, сытыя цяляты на адпоі, такія аднолькавыя і чысценькія, што нават далёкаму ад сантыментаў мужчыну хочацца цалаваць іх у зорачкі на лбе. Караткевіч. // Які складаецца з такой жывёлы. Чыстапародны статак.
2. Звязаны з якой‑н. адной пародай; які праводзіцца без змешвання з іншымі пародамі. Чыстапароднае развядзенне сельскагаспадарчай жывёлы.
чыстапіса́нне, ‑я, н.
Навучальны прадмет у пачатковых класах, які мае сваёй мэтай выпрацоўку прыгожага почырку ў вучняў. Двойку Борка зарабіў Па чыстапісанню: Ён у кляксах утапіў Словы ўсе дазвання. А. Александровіч.
чыстаплю́й, ‑я, м.
Разм. пагард. Чалавек, які не любіць чорнай працы, грэбуе ёю. // перан. Чалавек, які абмінае заганы жыцця, не імкнецца змагацца з імі. Да апошняга моманту.. [Гукан] спадзяваўся, што тую віну (ён не лічыў яе такой цяжкай, як лічыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваімі заслугамі, ваеннымі, пасляваеннымі. Шамякін.
чыстаплю́йка, ‑і, ДМ ‑плюйцы; Р мн. ‑плюек; ж.
Разм. пагард. Жан. да чыстаплюй.
чыстаплю́йства, ‑а, н.
Разм. пагард. Уласцівасць і паводзіны чыстаплюя.
чыстапо́ліца, ‑ы, ж.
Чыстае поле; бязлессе. Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі [акон]. Брыль.
чыстапро́бны, ‑ая, ‑ае.
Найвышэйшай пробы, найвышэйшай якасці, без дамешак (пра золата, серабро). Чыстапробнае золата. // перан. Іран. Які мае ўсе прыкметы, якасці (звычайна адмоўныя); сапраўдны. Чыстапробны нягоднік. □ [Субяседнік:] — Так і жывём і нікога не баімся, нават самога паліцэйскага, бо ў нас патэнты і мы не хто іншыя, як чыстапробныя бізнесмены. Лынькоў.
чыстапсо́вы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Чыстакроўны, чыстай пароды (пра сабак). Чыстапсовы хорт.
чыстасардэ́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чыстасардэчнага. Дзіцячая чыстасардэчнасць.