хамі́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да хамітаў, які належыць, уласцівы ім. Хаміцкія мовы.
хамі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
Разм. Паводзіць сябе груба і бесцырымонна. На ўроках.. [вучань] смяецца гучна. Хаміць настаўнікам сваім і не выконвае задання. Корбан.
ха́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Жан. да хам.
хамла́к, ‑а, м.
Абл. Кусцік травы, жмак сена, саломы і пад. Заместа сівое травы, якая там расла асобнымі хамлакамі, зямля густа велянела. Броўка. У шчылінах і між камянёў раслі хамлакі жорсткай травы, валяліся старыя косці. Быкаў.
хамса́, ‑ы, ж.
Дробная марская рыба, якая ідзе ў ежу ў кансерваваным выглядзе; анчоўс.
хамсі́н, ‑у, м.
Спец. Сухі і гарачы вецер на паўночным усходзе Афрыкі, які прыносіць шмат пяску і пылу.
[Араб.]
ха́мскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да хама (у 1 знач.). Усюды бог гасціў З сваёю ласкаю, Толькі крыў, мінуў Ніву хамскую. Купала. [Міхась:] — І зараз, пэўна, [Галена Мнішак] хамскі дух парфумай выкурвае, каб не пахла хамам у яе панскіх пакоях. Машара.
2. Разм. Уласцівы хаму (у 2 знач.); грубы, бесцырымонны. Хамскія паводзіны.
ха́мства, ‑а, н.
1. Уст. зб. Хамы (у 1 знач.).
2. Разм. Грубасць, бесцырымоннасць, нахабнасць. Ад раптоўнага хамства Алесь заўсёды спачатку бянтэжыўся і нават чырванеў. Так было і тады. Брыль. [Інка:] — [Толя] бачыў маё каханне і думаў, што я ўсё сцярплю, дазволю яму ўсякае хамства. Карамазаў.
хаму́ла, ‑ы, м.
Разм. груб. Хам. [Ураднік:] — Маўчаць, хамула! Жыва адзявайся! Макар! Прыступай да справы! Чарнышэвіч.
хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.
1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.
2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.
3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.
4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.
•••
Біць у хамут гл. біць.
Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.