Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

умяша́нне, ‑я, н.

Дзейны ўдзел у чым‑н., актыўнае ўніканне ў што‑н. Чаго маўчыць маці, ясна: не хоча пакрыўдзіць Ліну сваім умяшаннем у іхнія сямейныя справы. Гаўрылкін. // Дзеянні, якія спыняюць што‑н. Хірургічнае ўмяшанне.

умяша́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад умяшаць.

умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.

2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.

умяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., у што.

1. што і чаго. Мяшаючы, дабавіць чаго‑н. у што‑н.; прымяшаць. Умяшаць пшанічнай мукі ў жытнюю.

2. перан.; каго. Уцягнуць, ублытаць у якую‑н. непрыемную справу. — Ты што гэта надумаў, хлопча? — здзіўлена запытаў Якаў. — Хочаш і мяне сюды ўмяшаць? Чарнышэвіч.

умяшча́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць умяшчальнага (у 1 знач.). Умяшчальнасць клуба.

2. Здольнасць умяшчаць пэўную колькасць чаго‑н.; ёмістасць. Умяшчальнасць цыстэрны.

умяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны ўмясціць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.; ёмісты. Умяшчальны зал. Умяшчальны чамадан. □ Запасяць .. [лясныя мышы] таксама арэхі, насенне клёна, вяза, ягады, але асабліва любяць арэшкі ліпы, набіваючы імі даверху даволі ўмяшчальныя дуплы. Самусенка.

2. Які можа ўмясціцца.

умяшча́льня, ‑і, ж.

Месца, ёмішча, прызначанае для чаго‑н. Плошча... Ці не, не плошча — хутчэй гэта вялізная празрыстая ўмяшчальня паветра і сонца, накрытая ясным блакітам неба. Палтаран.

умяшча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да умясціцца.

2. Зал. да умяшчаць.

умяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да умясціць.

умяшчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. умяшчаць — умясціць.