умоўнарэфлекто́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўмоўных рэфлексаў, заснаваны на іх. Умоўнарэфлекторныя сувязі.
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
умо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.
2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.
3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.
4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.
5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.
6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.
7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.
•••
Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.
умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.
2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.
умо́ўчванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. умоўчваць — умоўчаць (у 2 знач.).
умо́ўчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умоўчаць (у 2 знач.).
умо́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад умасціць.
умо́шчванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. умошчваць — умасціць і умошчвацца — умасціцца.
умо́шчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да умасціцца.
2. Зал. да умошчваць.
умо́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умасціць.