умо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Вызначаны па ўмове, угавору; загадзя ўмоўлены. Умоўны стук. □ Камандзіры зверылі гадзіннікі, дамовіліся аб умоўных сігналах і пайшлі на бераг да сваіх плытоў. Няхай. На ўмоўны свіст спяшаецца Да дуба камісар. Куляшоў. Уранку сябры Пакідалі сяло, Ля дуба — Умоўнае месца было. Гілевіч.
2. Абмежаваны якімі‑н. умовамі, які мае сілу пры наяўнасці якіх‑н. умоў. Умоўнае асуджэнне.
3. Які вызначаецца чыімі‑н. адносінамі да чаго‑н.; адносны. Якія ўмоўныя, аднак, людскія разуменні: шчасце, няшчасце... Лынькоў. Праўда, «дом» для.. [Дзямковіча] цяпер быў паняццем чыста ўмоўным: дому ў яго не было. Палтаран.
4. Які не існуе на самой справе; які ўяўляецца, дапускаецца ў думках; уяўны. Разам з партызанскімі разведчыкамі [Саша і Жэня] перайшлі шашу — умоўную мяжу партызанскай зоны. Новікаў. Хлопец, што сядзеў за маёй спін[а]й, .. трымаючы ў роце цыгарэту, прасіў у мяне прыпаліць, чыркаючы ўмоўнай запалкай па ўмоўнаму карабку. Радкевіч. // Прадугледжаны ўмовамі, правіламі чаго‑н. Умоўны праціўнік. Умоўная задача. □ Замест умоўных дэкаратыўных скал.. разгарнуліся праўдзівыя пейзажы. «Беларусь». // Які з’яўляецца сімвалічным абазначэннем якога‑н. рэальнага прадмета. Чырвонай пункцірнай лініяй начарціў шлях Пыжыкавай мамы, як ён уяўляўся мне. Адзначыў умоўным тапаграфічным значком дом Наташы. Шыловіч.
5. У мастацтве — заснаваны на адмаўленні ад рэалістычнага паказу рэчаіснасці; сімвалічны. Умоўная дэкарацыя.
6. У граматыцы — які мае значэнне ўмовы. Умоўныя даданыя сказы. Умоўны лад дзеяслова.
7. Спец. Прыняты ў якасці асновы пры вызначэнні сярэдніх велічынь чаго‑н. Умоўнае паліва. Умоўная кармавая адзінка.
•••
Умоўны рэфлекс гл. рэфлекс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)