Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэмперава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад тэмпераваць.

2. у знач. прым. З дакладна вызначанай колькасцю тонаў і іх суадносінамі па вышыні. Тэмпераваны інструмент. Тэмпераваны музычны лад.

тэмперава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да тэмпераваць.

тэмперава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Зрабіць (рабіць) тэмперацыю.

тэмпера́мент, ‑у, М ‑нце, м.

1. Характарыстыка індывіда з боку дынамічных асаблівасцей яго псіхічнай дзейнасці (тэмпу, рытму, інтэнсіўнасці псіхічных працэсаў), якія ўтвараюць пэўны псіхалагічны тып. Флегматычны тэмперамент. Халерычны тэмперамент. // з азначэннем. Тое, што вылучае людзей пэўнага занятку, прызвання. Акцёрскі тэмперамент. Паэтычны тэмперамент. □ Асабліва пачаў нарастаць публіцыстычны тэмперамент паэта [М. Багдановіча] ў 1914–1915 гадах. Лойка.

2. Жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць. Палымяны тэмперамент [Ржэцкай] захапляў нас [студэнтаў]. «Работніца і сялянка».

•••

З тэмпераментам — жыва, хутка, азартна (рабіць што‑н.).

[Ад лац. temperamentum — належныя суадносіны частак.]

тэмпера́ментнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тэмпераментнага. Тэмпераментнасць танца. Тэмпераментнасць выступлення.

тэмпера́ментны, ‑ая, ‑ае.

Які адрозніваецца жывой, гарачай энергіяй. Хаця ўнутраныя маналогі маюць ідэалагічны змест, праз іх выступае і псіхалогія Каліноўскага, яго магутная тэмпераментная натура. Калеснік. // Выкананы з тэмпераментам; жвавы, палкі. Тэмпераментная прамова. □ Цяпер Язэп думаў над тым, як часта да вайны і на першым часе адступлення ён чуў шмат прыгожых, тэмпераментных слоў, а па-сапраўднаму яны сталі ваяваць тады, калі пад раніцу ў іх траншэю прыйшоў камісар. Асіпенка.

тэмперату́ра, ‑ы, ж.

1. Ступень нагрэтасці (якога‑н. цела, рэчыва); цеплавая характарыстыка. Тэмпература паветра. Тэмпература кіпення вады. □ У нетрах Сонца .. тэмпература дасягае некалькіх мільёнаў градусаў. «Маладосць».

2. Паказчык цеплавога стану арганізма чалавека і жывёлы. Памераць тэмпературу хвораму. □ Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака градусаў. Брыль. Іван Іпалітавіч даваў укол за ўколам, сачыў за тэмпературай і пульсам хворага і ўпаўголаса перагаварваўся з маладым урачом Вераб’ёвай. «Беларусь». // Гарачка. У дзіцяці тэмпература.

•••

Абсалютная тэмпература — тэмпература, якая вымяраецца ад абсалютнага нуля.

Пакаёвая тэмпература — тэмпература жылога памяшкання.

[Лац. temperatura — стан.]

тэмперату́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэмпературы. Тэмпературныя ўмовы. Тэмпературны рэжым электрапечы.

тэмперату́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Мець павышаную, высокую тэмпературу цела. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч.

тэмпера́цыя, ‑і, ж.

Спец. Дакладнае ўстанаўленне колькасці тонаў і іх суадносіны па вышыні ў музычна-гукавой сістэме.

[Ад лац. temperatio — правільныя суадносіны, суразмернасць.]