тэмперату́ра, ‑ы, ж.

1. Ступень нагрэтасці (якога‑н. цела, рэчыва); цеплавая характарыстыка. Тэмпература паветра. Тэмпература кіпення вады. □ У нетрах Сонца .. тэмпература дасягае некалькіх мільёнаў градусаў. «Маладосць».

2. Паказчык цеплавога стану арганізма чалавека і жывёлы. Памераць тэмпературу хвораму. □ Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака градусаў. Брыль. Іван Іпалітавіч даваў укол за ўколам, сачыў за тэмпературай і пульсам хворага і ўпаўголаса перагаварваўся з маладым урачом Вераб’ёвай. «Беларусь». // Гарачка. У дзіцяці тэмпература.

•••

Абсалютная тэмпература — тэмпература, якая вымяраецца ад абсалютнага нуля.

Пакаёвая тэмпература — тэмпература жылога памяшкання.

[Лац. temperatura — стан.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)