Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сёння,

гл. сягоння.

сённяшні,

гл. сягонняшні.

сёрбанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сёрбаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Стала чуваць нечае сапенне, потым сёрбанне з лыжкі. Ермаловіч.

сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.

2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.

3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.

4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.

сёрбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Тое, што і сербануць.

сяго́лета, і сёлета, прысл.

У гэтым годзе. А большаму хлопчыку восем Якраз паслязаўтра міне, І ў школу ён пойдзе сяголета ўвосень. Зарыцкі. [Іван Антонавіч:] — Сёлета журавін хоць граблямі заграбай. Кірэйчык. // Гэты год; цяпер. Пчаляр кажа. — Слухайце, людзі, Пчаліны сяголета год. Бялевіч. А калі апомніўся, Ён [бацька] прамовіў так: «Ну і лета сёлета, Ну і спеката!..» Тарас.

сяго́летні і сёлетні, ‑яя, ‑яе.

Гэтага года. Сяголетняя вясна. Сёлетні ўраджай. □ Між сяголетніх ліп і бяроз Праязджае са збожжам абоз. Астрэйка. Сёлетнім сухім летам гародчык-глінішча амаль апусцеў. Пташнікаў.

сяго́ння і сёння, прысл.

1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.

2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.