сэрцае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. жарт. Мужчына, які карыстаецца вялікім поспехам у жанчын; пакарыцель жаночых сэрцаў. Зразумеў, што перад намі — не шалапут, не сэрцаед нейкі, а хлопец чысты і жаніцьба для яго — справа сур’ёзная. Шамякін. Малады, прыгожы штурман з ліхім цёмным чубам вясковага сэрцаеда паблажліва ўсміхнуўся, пачуўшы пра трывогу капітана. Шашкоў.
сэрцае́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. жарт. Жанчына, якая карыстаецца вялікім поспехам у мужчын; пакарыцелька мужчынскіх сэрцаў.
сэрцазна́ўства, ‑а, н.
Веданне чалавечага сэрца, душэўных рухаў чалавека.
сэ́рцайка, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да сэрца 1 (у 1, 2 знач.). Выйду ў поле, выйду ў луг, Сяду пры дарозе. А ці прыйдзе любы друг? Сэрцайка ў трывозе. Дзеружынскі. // перан. Пра што‑н., што мае форму сэрца. Дае ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе нават святло з-за аканіц прабіваецца ў пакой праз выразныя сэрцайкі. Караткевіч.
2. Ласкавы зварот да чалавека, які адпавядае слову «дарагі» (у 3 знач.). Маё сэрцайка.
сэрцападо́бнік, ‑а, м.
Марскі пласцінашчэлепны малюск у ракавіне, які па форме нагадвае сэрца 1.
сэрцападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які па форме нагадвае сэрца 1 (у 1 знач.). Трапеча [асіна] Сэрцападобным лістком, Нібы ў прадчуванні Сустрэч з юнаком! Лойка.
сэ́тльмент, ‑а, М ‑нце, м.
Гіст. Асобы раён у горадзе, які ствараўся ў залежных краінах імперыялістычнымі дзяржавамі для пражывання іх падданых.
[Англ. settlement — пасяленне.]
сэцэ́сія, ‑і, ж.
1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.
2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
[Лац. secessio — пакідаць.]