руль, ‑я, м.
1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. □ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.
2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. □ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.
•••
Лева руля гл. лева.
Права руля гл. права.
[Ад гал. roer.]
ру́ля, ‑і, ж.
Тое, што і дула. Кругленькая дзірачка рулі вінтоўкі глядзела .. [Захару] ў грудзі. Пестрак. Цераз плячо ў Лёнькі руляю ўніз вісела старая бацькава стрэльба. Гамолка. — Назад, маладзіца! — прамовіў вартавы, гайдануўшы руляй перад яе тварам. Паслядовіч.
рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.
2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).
3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).
[Ад фр. rouler — каціць.]
рулявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.
2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.