рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.
2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).
3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).
[Ад фр. rouler — каціць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)