рубе́ц 1, ‑бца, м.
1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.
2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.
3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.
4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.
•••
Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).
Сухога рубца няма на кім гл. няма.
рубе́ц 2, ‑бца, м.
Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.
рубі́дыевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рубідыю. Рубідыевыя крышталі.
рубі́дый, ‑ю, м.
Хімічны элемент, мяккі метал срабрыста-белага колеру, падобны па сваіх уласцівасцях на калій і натрый.
[Ад лац. rubidus — чырванаваты.]
рубіко́н, ‑а, м.
Пра мяжу, рубеж чаго‑н., перашкоду, якія цяжка пераадолець. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч. Калясніца гісторыі імчалася да рубікона з нястрыманаю сілай. Гартны.
•••
Перайсці Рубікон гл. перайсці.
[Ад старажытнай назвы ракі Рубікон, якую перайшоў Юлій Цэзар супраць волі сената і гэтым самым пачаў грамадзянскую вайну.]
рубі́ла, ‑а, н.
Прылада працы першабытнага чалавека з каменя міндалепадобнай формы, патоўшчанага і закругленага ў аснове, завостранага на канцы.
рубі́льнік, ‑а, м.
Ручны выключальнік якіх‑н. электрычных установак. Зноў націснута ручка рубільніка — і турбіна спыняецца. «Звязда».
рубі́н, ‑у, м.
Каштоўны камень чырвонага колеру. Дзе шуміць пад ветрамі Урал на вяршынях кастрамі рабін, нібы долю сваю, каля скал рудакопы шукалі рубін. Вялюгін. Толькі рубін блішчыць на пярсцёнку ранейшым бляскам. Бядуля.
рубі́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рубіну. // Зроблены з рубіну. Рубінавыя зоркі.
2. Чырвонага колеру, як рубін. Усюды звісалі цяжкія гронкі рабін, рубінавыя чапцы каліны, з якіх, здавалася, вось-вось пырсне церпкі сок... Паслядовіч. Помніш вечар з рубінавай дзіўнай зарой, ружавелі далёкія далі? Кляшторны.
рубі́ць 1, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.
Падшываць край чаго‑н.; рабіць рубец. Рубіць хустку.
рубі́ць 2, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.
1. Будаваць што‑н. з дрэва, бярвення. Захар аблюбаваў месца для новай хаты і пачаў рубіць зруб. Краўчанка. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Брыль.
2. Здабываць (руду, вугаль).
•••
Рубіць з пляча — гаварыць, дзейнічаць неразважліва, рэзка, занадта катэгарычна.