рубец 1, ‑бца, м.
1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.
2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.
3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.
4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.
•••
Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).
Сухога рубца няма на кім гл. няма.
рубец 2, ‑бца, м.
Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)