Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

птушкае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Вялікі начны драпежны павук паўднёвых краін.

птушкакамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Прамысловае прадпрыемства па апрацоўцы і перапрацоўцы прадуктаў птушкагадоўлі.

птушкало́ў, ‑лова, м.

Асоба, якая займаецца лоўляй птушак, пераважна пеўчых.

птушкало́ўства, ‑а, н.

Лоўля птушак, пераважна пеўчых, як промысел.

птушкасаўга́с, ‑а, м.

Дзяржаўная шматгаліновая гаспадарка, галоўным напрамкам якой з’яўляецца птушкагадоўля; птушкаводчы саўгас.

птушкафа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Дзяржаўнае птушкагадоўчае прадпрыемства, якое забяспечвае насельніцтва прадуктамі птушкагадоўлі.

птушкафе́рма, ‑ы, ж.

Птушкагадоўчая ферма. [Старшыня] давёў, што толькі прыбытак ад возера, калі на ім пабудаваць птушкаферму, намнога памножыць багацце калгаса. Ваданосаў.

пту́шнік, ‑а, м.

1. Памяшканне для ўтрымання і развядзення свойскай птушкі. Я нават памог Лідзе загнаць яе незлічонае «белае войска» на птушнік. Ваданосаў.

2. Работнік, які даглядае свойскую птушку (на ферме, фабрыцы і пад.).

пту́шніца, ‑ы, ж.

Работніца, якая даглядае свойскую птушку (на ферме, фабрыцы і пад.). [Старшыня] глядзела, як птушніцы кормяць малюсенькіх куранят. Даніленка.

пту́шынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да птушка; маленькая птушка. Праз адчыненыя дзверы заляцела аднойчы ў клас нейкая маленькая птушынка. Колас.