Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

псіхагігіе́на, ‑ы, ж.

Раздзел гігіены, які вывучае ўплыў навакольных умоў на псіхічнае здароўе чалавека, распрацоўвае меры для захавання яго здароўя.

псіхаідэало́гія, ‑і, ж.

Сукупнасць псіхічных і ідэалагічных рыс (погляды, ідэі і пад.), якія характарызуюць чалавека, грамадства, клас. Псіхаідэалогія мяшчанства.

псіхалагі́зм, ‑у, м.

1. Паглыблены паказ псіхічных, духоўных перажыванняў, глыбокі псіхалагічны аналіз. Сучасны савецкі раман становіцца сапраўды мастацкім даследаваннем жыцця. Глыбокі гістарызм, вострая праблемнасць, яркі псіхалагізм — яго неад’емныя якасці. Дзюбайла.

2. Ідэалістычны філасофскі напрамак, які лічыць асновай філасофіі псіхалогію.

псіхалагі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік, паслядоўнік псіхалагізму (у 2 знач.).

псіхалагісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да псіхалагіста і псіхалагізму.

псіхалагі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць псіхалагічнага; наяўнасць псіхалагічнага аналізу ў чым‑н.

псіхалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да псіхалогіі, звязаны з ёю. Псіхалагічныя даследаванні.

2. Звязаны з псіхічнай дзейнасцю чалавека. Беларускія паэты і пісьменнікі звяртаюцца да рамантызму, бо ён у мінулым даў выдатныя ўзоры псіхалагічнага раскрыцця чалавечай асобы. Каваленка.

3. Створаны на паглыбленым паказе псіхалогіі герояў. Псіхалагічная аповесць. □ Апавяданні Чорнага 20‑х гадоў — гэта замалёўкі з жыцця беларускай вёскі.., псіхалагічныя эцюды, лірычныя абразкі. Луфераў.

псіхалінгві́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Напрамак у сучасным мовазнаўстве, які разглядае з’явы мовы з пазіцый псіхалогіі і матэматычнай сувязі.

псіхало́гія, ‑і, ж.

1. Навука аб заканамернасцях, развіцці і формах псіхічнай дзейнасці. Агульная псіхалогія. Эксперыментальная псіхалогія.

2. Псіхіка, асаблівасці характару, духоўны склад. Псіхалогія селяніна. Раскрыць псіхалогію героя. □ Чалавек зразумеў, нарэшце, што, перарабляючы свет, ён пачаў, разам з тым, перарабляць і сваю ўласную натуру, сваю псіхалогію і погляды на рэчы і з’явы. Майхровіч.

3. Сукупнасць псіхічных працэсаў ва ўмовах пэўных відаў дзейнасці, пэўнага стану і г. д. Псіхалогія працы. Псіхалогія ўчынку. □ Але я не верыў усяму гэтаму, бо не мог зразумець ні логікі, ні псіхалогіі гэтакіх паводзін. Сабаленка.

[Грэч. psychē — душа і logos — вучэнне.]

псіхамані́зм, ‑у, м.

Ідэалістычны погляд, паводле якога ўся рэчаіснасць з’яўляецца толькі адбіткам нашай свядомасці.

[Грэч. psychē — душа і monos — адзін.]