Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нудлі́ва,

1. Прысл. да нудлівы.

2. безас. у знач. вык. Пра нудлівасць, тужлівае пачуццё, якое адчувае хто‑н. Неспакойна было на сэрцы, нудліва.

нудлі́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нудлівага.

2. Тое, што і нуда (у 1 знач.). Жыццё насміхаецца з кволых, Не любіць нудлівасці, слёз. Прануза.

нудлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны нуды, тужлівага настрою. Нудлівая песня.

2. Які наганяе нуду, сум. [Варашкін] заснуў пад непрыемны і нудлівы посвіст ветру за акном. Савіцкі.

3. Які трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Застаўшыся на месцы са жменькай мужчын, Сцёпка нерухома глядзеў услед натоўпу. Нудлівы боль і злосць — не то на іх, не то на сябе, што не здолеў угаварыць [людзей]. Крапіва.

ну́дна,

1. Прысл. да нудны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нуды, якое адчувае хто‑н. На развітанні.. [Захарыя] сказаў, што вельмі рады знаёмству, бо Гіго аднаму было вельмі нудна. Самуйлёнак. // Пра нуду, сум, якія пануюць дзе‑н. Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Бядуля.

нуднава́та,

1. Прысл. да нуднаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё нуды, якое адчувае хто‑н. Праз гадзіну-другую, калі прыгрэла сонца, ліні брацца перасталі і нам зрабілася крыху нуднавата. Ляўданскі.

нуднава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі нудны. Нуднаваты чалавек.

ну́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Невясёлы, маркотны. Абарваны, расхлістаны, стаяў на скрыжаванні выгнаны рабочы.. Стаяў ён, нізка апусціўшы галаву, нудны, як сама доля людская. Колас. Гэля шчыльна прытулілася напудранаю.. шчакою да разгарачанага твару Рыгора.. — А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Гартны.

2. Які наганяе нуду; выклікае тужлівы настрой. Па бляшаным даху барабаніў дождж, роўны асенні дождж, нудны, як і гэтая цішыня. Няхай. Надышла восень. Поле зрабілася шэрае, нуднае. Бядуля. // Нецікавы. Першыя старонкі [кніжкі], дзе расказвалася пра хлопцаў-паляўнічых, паказаліся Андрушку нуднымі. Лобан. // Поўны нуды, тугі. Не шумі ты, лес высокі, Нудных песень не спявай. Колас.

3. Які не перастае, трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Страшэнна балела галава, нылі нудным болем рукі і ногі. Чарнышэвіч. Мучыла смага, адчувалася, што з болем і нудным патузваннем растуць губы, шчокі, нос. Кулакоўскі.

нудо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

Разм.

1. Тое, што і нуда (у 1, 3 знач.). Па.. [Язэпку] напала такая нудота, што хацелася кінуць-рынуць усё ды бегчы без аглядкі. Якімовіч. Серафіме думалася, што стары тырчыць тут на кухні ад нудоты, нават замінае ёй сваімі роспытамі. Сабаленка. Лес плакаў па сонцы і леце. Асенняя пустэча і нудота былі і тут. Хомчанка.

2. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе, нудоту ад выкураных самакрутак, Сяргей складваў усё напісанае ў стосік. Сіўцоў.

ну́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нукаць.

ну́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго і без дап.

Разм. Гаворачы «ну», паганяць каня або падганяць скаціну. Ходзіць, нукае Араты. Танк. Пастухі выганялі ў поле гавяду. Трубілі ў бяроставыя трубы, гралі на жалейках, крычалі і нукалі. Гартны.