Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гіпатэну́за, ‑ы, ж.

Старана прамавугольнага трохвугольніка, якая ляжыць супраць прамога вугла.

[Грэч. hypotéinusa.]

гіпатэрмі́я, ‑і, ж.

Спец. Паніжэнне тэмпературы цела ў цеплакроўных жывёл або чалавека. // Штучнае ахаладжэнне арганізма або асобных яго частак з лячэбнай мэтай.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і thérmē — цяпло.]

гіпатэты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гіпатэтычнага. Гіпатэтычнасць меркавання.

гіпатэты́чны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на гіпотэзе; мяркуемы. Гіпатэтычнае сцвярджэнне.

гіпафі́з і гіпо́фіз, ‑а, м.

Залоза ўнутранай сакрэцыі, якая знаходзіцца на ніжняй паверхні галаўнога мозга і робіць уплыў на рост і развіццё арганізма.

[Грэч. hypóphysis — адростак.]

гіпо́фіз, ‑а, м.

Спец. Залоза ўнутранай сакрэцыі ў пазваночных жывёл і чалавека, размешчаная пад галаўным мозгам, якая ўплывае на рост і развіццё арганізма.

[Ад грэч. hypóphysis — адростак.]

гіпер...

Прыстаўка, якая паказвае на перавышэнне чаго‑н. у параўнанні з нормай, напрыклад: гіпертанія; проціл. гіпа...

[Грэч. hypér — над, звыш.]

гіпе́рбала 1, ‑ы, ж.

Мастацкі прыём перабольшання для ўзмацнення выразнасці выказвання. З мэтай падаць сваім апавяданнях, гумарыстычную афарбоўку Якуб Колас, апрача параўнанняў, ужывае і другія стылістычныя спосабы — эпітэты, метафары, гіпербалы, якія нясуць у сабе пэўную долю гумару. «Полымя». У пісьмовай літаратуры гіпербала .. ужываецца як сродак вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. А. Макарэвіч. // Усякае перабольшанне.

[Ад грэч. hyperbolē — перабольшанне.]

гіпе́рбала 2, ‑ы, ж.

У матэматыцы — крывая лінія з ліку канічных сячэнняў.

[Ад грэч. hyperballō — праходжу праз што‑н.]

гіпербалізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да гіпербалізаваць.

гіпербалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Выкарыстаць (выкарыстоўваць) гіпербалу як мастацкі прыём. Гіпербалізаваць камічнае. // Увогуле перабольшыць (перабольшваць). Гіпербалізаваць дасягненні.

гіпербаліза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гіпербалізаваць; перабольшанне.