Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вялікагало́вы, ‑ая, ‑ае.

З вялікай галавой.

вялікадзяржа́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вялікай дзяржавы, уласцівы ёй.

2. Які не паважае правоў малых народаў; фанабэрыста-ўладарны. Вялікадзяржаўны шавінізм.

вялі́каснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вялікаснага.

вялі́касны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, велічны. З балкона сваёй канцылярыі прыстаў вялікасным позіркам акідае рынак. Чорны.

2. Урачыста ўзняты, поўны велічы. Вялікасны гімн.

вялі́касць, ‑і, ж.

1. Тое, што і веліч (у 2 знач.); важнасць, значнасць. Вялікасць працы і барацьбы. □ У вусах цяпер і знаку няма той вялікасці, якую яны калісь надавалі чалавеку. Сабаленка.

2. Тытул. Яго імператарская вялікасць.

вялікаўзро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які выйшаў з школьнага ўзросту; перарослы.

вялі́кдзень, ‑кадня, м.

Хрысціянскае свята, прысвечанае ўваскрэсенню міфічнага Хрыста.

вялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па велічыні і памерах; проціл. малы. Вялікі горад. Вялікі будынак. Вялікія вокны. // Значны па колькасці. Вялікая сям’я. Вялікія грошы. □ Яны — байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот.

2. Значны па сваёй сіле, інтэнсіўнасці, якасцях. Вялікі бой. Вялікі энтузіязм, уплыў. Вялікія здольнасці.

3. Выдатны па свайму значэнню. Вялікія падзеі. // Геніяльны, таленавіты. Вялікі палкаводзец. Вялікі вучоны.

4. Большы, чым патрэбна; які перавышае звычайную меру. Вялікі каўнер. Вялікая нагрузка.

5. Дарослы. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў. Якімовіч.

6. Састаўная частка назваў, тытулаў. Вялікая зямля. Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь.

7. у знач. наз. вялі́кія, ‑іх. Дарослыя. Малыя і вялікія. □ Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон. Чорны. // вялі́кае, ‑ага, н. Значнае, важнае.

•••

Вялікая калорыя гл. калорыя.

Вялікая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Ад (з) вялікага розуму гл. розум.

Ад малога да вялікага гл. малы.

Вялікай рукі гл. рука.

Вялікая галава гл. галава.

Вялікая дарога гл. дарога.

Вялікі клопат гл. клопат.

Вялікая песня гл. песня.

Вялікая штука гл. штука.

Вялікі свет (уст.) гл. свет.

(Зрабіць) вялікія вочы гл. вока.

З вялікай ласкі чыёй гл. ласка.

На (вялікі) жаль гл. жаль.

Не вялікая штука гл. штука.

Не вялікі хлеб гл. хлеб.

Сам вялікі — сам сабе гаспадар.

вя́ліцца, ‑ліцца; зак.

1. Падсушвацца на сонцы, ветры (пра мяса, рыбу і пад.).

2. Зал. да вяліць.

вя́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Падсушваць на сонцы, ветры (мяса, рыбу і пад.).