Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вяза́ць, вяжу, вяжаш, вяжа; заг. вяжы; незак.

1. што. Цесна злучаць, абвіваючы чым‑н., звязваць. Вязаць снапы. Вязаць плыты. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік. Чарот.

2. каго-што. Звязваць рукі, ногі, пазбаўляючы магчымасці рухацца. — Ну, хлопцы, вяжы.. [бандытаў], бяры! Хутчэй, не драмаць. Колас. Вяжы яму рукі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку. Чорны. // перан. Не даваць волі, перашкаджаць каму‑н. рабіць што‑н. [Дзеда] не вяжуць, як другога, Застылай мудрасці гужы. Колас.

3. што і без дап. Плесці кручком, пруткамі і пад. Вязаць рукавіцы, карункі.

4. Быць вязкім, мець уласцівасць сцягваць. // безас. Сцягваць (пра адчуванне сцягвання ад якога‑н. рэчыва). У роце вяжа.

5. Валодаць уласцівасцю змацоўваць цвёрдыя рэчывы.

•••

Лыка не вяжа — пра п’янага, які ледзь можа гаварыць.

вя́зень, ‑зня, м.

Той, хто знаходзіцца ў зняволенні; зняволены. На шчасце, падаспелі савецкія войскі, і вязні Маабіта, а сярод іх і Ота Нагель, выйшлі на волю. «Маладосць».

вя́ззе, ‑я, н., зб.

Вязы (гл. вяз у 3 знач.).

вя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вязаць (у 1, 3 знач.).

2. Спосаб вязання. Ручная, машынная вязка.

3. Р мн. ‑зак. Звязак аднародных прадметаў, звязаны ахапак чаго‑н. Вязка галля. Вязка абаранкаў. Вязка травы.

вя́зкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вязкага. Вязкасць гліны. Вязкасць масла.

вя́зкі, ‑ая, ‑ае.

Клейкі, ліпкі, цягучы. Вязкі грунт. Вязкае масла. □ Пачынаецца нізіна. Зямля стала вязкай, усюды купіны, .. шмат вываратняў. Самуйлёнак.

вя́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да вязень.

вя́зніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вязня.

вя́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Апускацца, нападаць у што‑н. вязкае, ліпкае, сыпкае; грузнуць. Ногі ў вялізных, поўных халоднай вады, гумавых ботах, .. вязнуць у дрыгве. В. Вольскі. Вязнучы ў снягу, Коля пайшоў за санямі. Якімовіч.

вязь, ‑і, ж.

1. Узор, створаны спляценнем якіх‑н. ліній. Вязь агароджы. // Спосаб спорнага, дробнага пісьма, пры якім некаторыя літары злучаюцца ў адно цэлае.

2. Тое, што і вязка (у 2 знач.).

3. Разм. Тое, чым вяжуць, звязваюць. Свёкар стаяў унізе і церабіў галіны на тонкім беразняку, прывезеным на вязь. Васілевіч.