вязаць, вяжу, вяжаш, вяжа; заг. вяжы; незак.
1. што. Цесна злучаць, абвіваючы чым‑н., звязваць. Вязаць снапы. Вязаць плыты. ▪ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік. Чарот.
2. каго-што. Звязваць рукі, ногі, пазбаўляючы магчымасці рухацца. — Ну, хлопцы, вяжы.. [бандытаў], бяры! Хутчэй, не драмаць. Колас. Вяжы яму рукі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку. Чорны. // перан. Не даваць волі, перашкаджаць каму‑н. рабіць што‑н. [Дзеда] не вяжуць, як другога, Застылай мудрасці гужы. Колас.
3. што і без дап. Плесці кручком, пруткамі і пад. Вязаць рукавіцы, карункі.
4. Быць вязкім, мець уласцівасць сцягваць. // безас. Сцягваць (пра адчуванне сцягвання ад якога‑н. рэчыва). У роце вяжа.
5. Валодаць уласцівасцю змацоўваць цвёрдыя рэчывы.
•••
Лыка не вяжа — пра п’янага, які ледзь можа гаварыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)