вучы́лішчны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вучылішча.
вучы́цца, вучуся, вучышся, вучыцца; незак.
1. Засвойваць, набываць якія‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыцца грамаце. Вучыцца іграць па нотах. Вучыцца майстэрству. □ Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. На дубе са зламанай вершалінай, у вялікім гняздзе, вучыліся лятаць бусляняты. Даніленка. // Быць вучнем, студэнтам навучальнай установы. Вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы. Вучыцца на 3 курсе інстытута. □ На другі дзень у школе былі ўсе дзеці, якія павінны былі вучыцца. Шамякін.
2. за каго, на каго. Разм. Набываць якую‑н. прафесію, спецыяльнасць у працэсе вучобы. Вучыцца за слесара. Вучыцца на агранома. □ [Маці:] — Так я і стала бухгалтарам, хоць пры іншых умовах магла б вучыцца за інжынера ці агранома. Гаўрылкін.
3. безас. Разм. Пра ўмовы вучобы, навучання. [Антось:] — Скажу толькі, што я сваім дзецям не вораг і хацеў бы, каб ім жылося і вучылася, як найлепш. Васілевіч.
вучы́ць, вучу, вучыш, вучыць; незак.
1. каго. Перадаваць каму‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыць дзяцей чытаць і пісаць. Вучыць сына плаваць. Вучыць гаспадарыць. □ Саўка вучыць Фільку закідваць блешню. Жычка. // без дап. Быць настаўнікам, працаваць у школе.
2. што. Вывучаць, засвойваць, запамінаць. Вучыць урок. Вучыць верш на памяць. □ [Дзядзька Антось:] — Нясі, Косцік, кнігу, будзем вучыць літары. С. Александровіч.
3. каго. Навучаць, настаўляць; выхоўваць. Вучыць шанаваць старэйшых. □ — Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. Брыль. [Вінке:] — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. // Разм. Караць, біць. [Кароль:] — Знаць, табе не змагла маці розуму даць, Мала бацька вучыў пугаўём. Танк.
4. каго. Даваць адукацыю, магчымасць набыць прафесію. Вучыць сыноў у інстытуце.
5. з дадан. сказам. Абгрунтоўваць, развіваць якую‑н. тэорыю, думку, погляд і пад. Марксізм-ленінізм вучыць, што свядомасць чалавека ёсць прадукт яго грамадскага жыцця.
вучэ́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да вучобы, з’яўляецца вучобай. Вучэбныя заняткі. Вучэбны працэс. // Прызначаны для правядзення вучобы, заняткаў. Вучэбны корпус. Вучэбны фільм. Вучэбны самалёт.
2. Які мае на мэце падрыхтоўку; трэніровачны. Вучэбны полк, збор. Вучэбная стральба.
3. Звязаны з арганізацыяй працэсу навучання, навучальны. Вучэбныя планы, праграмы.
вучэ́нне, ‑я, н.
1. Авалодванне ведамі, навыкамі, уменнем. Паўтарэнне — маці вучэння. Прыказка. // Вучоба, заняткі. [Люба:] — Змалку, з першага ж году вучэння, я меруся стаць за настаўніцу. Мурашка. Васіль адкрыта ўсім казаў, што Галя яму падабаецца і што, як толькі яна скончыць вучэнне, яны пажэняцца. Васілевіч. // звычайна мн. (вучэ́нні, ‑яў). Трэніровачныя заняткі вайсковых падраздзяленняў. Летнія, начныя вучэнні. □ Маёр цэліўся з парабелума. Цэліўся спакойна, паволі, як на вучэнні. Лынькоў.
2. Тэорыя якой‑н. галіны ведаў. Вучэнне аб дыктатуры пралетарыяту. Вучэнне аб функцыях нервовай сістэмы. // Сістэма асноўных палажэнняў, поглядаў (вучоных, мысліцеляў). Марксісцка-ленінскае вучэнне. Вучэнне Дар віна.