вучы́цца, вучуся, вучышся, вучыцца; незак.

1. Засвойваць, набываць якія‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыцца грамаце. Вучыцца іграць па нотах. Вучыцца майстэрству. □ Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. На дубе са зламанай вершалінай, у вялікім гняздзе, вучыліся лятаць бусляняты. Даніленка. // Быць вучнем, студэнтам навучальнай установы. Вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы. Вучыцца на 3 курсе інстытута. □ На другі дзень у школе былі ўсе дзеці, якія павінны былі вучыцца. Шамякін.

2. за каго, на каго. Разм. Набываць якую‑н. прафесію, спецыяльнасць у працэсе вучобы. Вучыцца за слесара. Вучыцца на агранома. □ [Маці:] — Так я і стала бухгалтарам, хоць пры іншых умовах магла б вучыцца за інжынера ці агранома. Гаўрылкін.

3. безас. Разм. Пра ўмовы вучобы, навучання. [Антось:] — Скажу толькі, што я сваім дзецям не вораг і хацеў бы, каб ім жылося і вучылася, як найлепш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)