Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

афіцы́йшчына, ‑ы, ж.

Разм. Строга афіцыйныя адносіны да каго‑, чаго‑н.

афіцыя́льнасць, ‑і, ж.

Тое, што і афіцыйнасць. Ветліва, аднак не трацячы афіцыяльнасці і пасольскай паважнасці, .. [паслы] развіталіся і выйшлі. Машара.

афіцыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і афіцыйны. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, афіцыяльны начальніцкі тон. Колас.

афіцыя́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Работнік сталовай, рэстаране і пад., які падае стравы. Афіцыянт, немалады, у паношаным касцюме, гаспадарыць — стаўляе чаркі, раскладае [сурвэткі]. Мележ.

[Лац. officians.]

афіцыя́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да афіцыянт.

афіцэ́р, ‑а, м.

Асоба каманднага саставу арміі і флоту, якая мае воінскае званне ад малодшага лейтэнанта да палкоўніка ўключна. Старшы афіцэр. Малодшы афіцэр. Афіцэр генеральнага штаба. Званне афіцэра.

[Ням. Offizier.]

афіцэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да афіцэра. Афіцэрскае званне. Афіцэрскі састаў.

афіцэ́рства, ‑а, н., зб.

Афіцэры. Шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Колас.

афі́ша, ‑ы, ж.

Аб’ява аб спектаклі, канцэрце, лекцыі і пад., якая вывешваецца на відным месцы. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў.. паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач.

[Фр. affiche.]

афі́шны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да афішы. Афішная тумба.