тэмбр, ‑у, м.
1. У музыцы — якасць гуку (яго афарбоўка), якая дазваляе адрозніваць гукі аднолькавай вышыні пры выкананні на розных інструментах або рознымі галасамі. М. Ворвулеў шчасліва спалучае ў сабе прыемны па тэмбру голас, адменную музычнасць і пачуццё сцэны. «Беларусь». Галасы ўсё больш скрыжоўваюцца, пераплятаюцца, узбагачаюць напеў тэмбрамі, робяць яго ўсё больш імклівым і рэльефным. «Полымя». // перан. Аб афарбаванасці, настроенасці чаго‑н. Мяккі тэмбр душы.
2. У фанетыцы — афарбоўка гука, якая вызначаецца становішчам фармант у частотным спектры гука.
[Фр. timbre.]
тэ́мбравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тэмбру. Тэмбравыя адрозненні інструментаў. Тэмбравыя фарбы голасу.
тэ́мнік, ‑а, м.
Разм. Спіс, зборнік тэм для сачыненняў, рэфератаў і пад. Тэмнік лекцый. Тэмнік дыпломных работ. □ Тэмнік, што вывешаны ў кутку рацыяналізатара і вынаходніка, дае ўсё новыя пытанні для роздуму. «Звязда».
тэмп, ‑у, м.
1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.
2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.
•••
У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).
[Іт. tempo.]
тэ́мпавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тэмпу (у 1 знач.). Тэмпавыя асаблівасці танца. // У спорце — які выконваецца ў хуткім тэмпе. Тэмпавыя практыкаванні.
тэ́мпера, ‑ы, ж.
1. Фарбы, расцёртыя на яечным жаўтку або на сумесі клеявога раствору з алеем.
2. Карціна, намаляваная такімі фарбамі і асобымі тэхнічнымі прыёмамі. Роспісы тэмперай.
[Іт. tempera.]
тэмперава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад тэмпераваць.
2. у знач. прым. З дакладна вызначанай колькасцю тонаў і іх суадносінамі па вышыні. Тэмпераваны інструмент. Тэмпераваны музычны лад.
тэмперава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да тэмпераваць.
тэмперава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
Спец. Зрабіць (рабіць) тэмперацыю.
тэмпера́мент, ‑у, М ‑нце, м.
1. Характарыстыка індывіда з боку дынамічных асаблівасцей яго псіхічнай дзейнасці (тэмпу, рытму, інтэнсіўнасці псіхічных працэсаў), якія ўтвараюць пэўны псіхалагічны тып. Флегматычны тэмперамент. Халерычны тэмперамент. // з азначэннем. Тое, што вылучае людзей пэўнага занятку, прызвання. Акцёрскі тэмперамент. Паэтычны тэмперамент. □ Асабліва пачаў нарастаць публіцыстычны тэмперамент паэта [М. Багдановіча] ў 1914–1915 гадах. Лойка.
2. Жыццёвая энергія, здольнасць да ўнутранага ўздыму, страснасць. Палымяны тэмперамент [Ржэцкай] захапляў нас [студэнтаў]. «Работніца і сялянка».
•••
З тэмпераментам — жыва, хутка, азартна (рабіць што‑н.).
[Ад лац. temperamentum — належныя суадносіны частак.]