тэмп, ‑у, м.
1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.
2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.
•••
У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).
[Іт. tempo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)