Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

забрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Замацаваць каго‑, што‑н. за кім‑, чым‑н. Забраніраваць нумар у гасцініцы. □ Іван Якаўлеў мог не ісці на фронт: яго, вопытнага токара, забраніравалі для работы на заводзе. «Беларусь».

забранірава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак., каго-што.

Пакрыць бранёй (у 2 знач.). Забраніраваць карабель.

забрасняве́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і заброснелы.

забраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак.

Пачаць брахаць. // Брахнуць некалькі разоў запар, азвацца брэхам. Недзе забрэша сабака, азавецца другі на гэты халаднаваты брэх — і сціхне, залезшы ў будку. Скрыган.

забра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон... Корбан. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Лынькоў. // Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі. Маеўскі. // Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь. Танк.

2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася. Даніленка.

3. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.

забра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. Узяць каго‑, што‑н. з сабой, да сябе. На другі год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. Таўлай. Рыгор заварушыўся, мігам адзеўся, забраў напісаныя лісты і стралою вышмыгнуў з пакоя. Гартны. // Узяўшы, змясціць куды‑н., у што‑н. Забраць грыбы ў кошык. // Абхапіўшы рукой (рукамі і пад.), узяць разам. Забраць бараду ў жменю.

2. Узяць сабе; адабраць, захапіць. Збіў Рымша пана на горкі яблык, забраў грошы і пайшоў у лес, у сваю зямлянку. Якімовіч. // Захапіць, заваяваць. [Сярго:] Калі разведка нам удасца сёння, Дык мы Барысаў забяром напэўна. Глебка. // Адняць, прымусіць патраціць. Работа забрала многа часу. □ Перад вачамі будзе ніўка тая ж, што забрала сілы. Чарнушэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «смерць», «зямля», «вайна» і пад.). Памёр, загінуў. Смерць пагасіла песняра, Забрала ў грозную гадзіну. Танк. Быў муж, але няма яго — хіба мала людзей забрала вайна. Скрыган.

4. Разм. Арыштаваць, затрымаць. Паліцыя забрала падпальшчыкаў. / Пра жывёлу. — Патравілі мужыкі сенажаць. Цэлы табун кароў па сенажаці прайшоў, а Ермалай Трыфанавіч, — .. [Пілацееў] кіўнуў галавой у бок на аканома, — не забраў табуна, пашкадаваў мужыкоў. Галавач.

5. Разм. Прызваць, мабілізаваць на вайсковую службу, на вайну. Як пачалася вайна з Германіяй, бацьку забралі ў салдаты, і ён загінуў на фронце. Кудраўцаў.

6. перан. Разм. Авалодаць кім‑н., запоўніць усю істоту (пра думкі, пачуцці і пад.). Страх забраў малога. □ Лявон глянуў на закасаныя .. халяўкі шэрых валёнак Жыжкі, і яго забрала яшчэ большае зло. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Забрала Астапа — завярнуў каня, ускочыў і праз мінуту быў у двары Асінені. Гартны.

7. Увабраць, засунуць (пра адзенне). Забраць штаны ў боты. // Зменшыць у шырыні або даўжыні пры шыцці. Забраць рукаў. Забраць кашулю ў баках.

8. без дап. Адхіліцца ўбок ад ранейшага напрамку; павярнуць. Забраць управа.

9. Заняць многа або лішняе пры рабоце. Забраць шырока баразну. Фуганак глыбокі забраў.

10. Вымазацца, выпацкацца граззю, пылам, мелам. [Высокі стары] .. так даў Валі дарогу прайсці, што ажно ўліп плячамі ў сцяну і забраў з яе на сябе.. мел. Чорны.

11. Разм. Адклікаць, перавесці на другую работу. Забраць на работу ў раён.

•••

Забраць за жывое — моцна ўсхваляваць, закрануўшы што‑н. інтымнае, набалелае.

Забраць у свае рукі — падпарадкаваць сабе. На начальніка з раёна як хто халоднай вада цэбар узліў. Пачаў біць адбой, але Костусь забраў тады ў свае рукі ўсю справу. Чорны.

забро́снелы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты, зацягнуты бросняй, цвіллю. А вёска жыла сваім ціхім аднастайным жыццём, паволі боўтаючыся ў сваіх старых непарушных берагах, як уюны ў бруднай заброснелай сажалцы. Нікановіч.

забро́снець, ‑ее; зак.

Пакрыцца, зацягнуцца бросняй, цвіллю. [Над рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў.

забру́джанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан забруджанага. Забруджанасць вады.

забру́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад забрудзіць.

забру́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да забрудзіцца.

2. Зал. да забруджваць.