заку́ска, ‑і, ДМ ‑кусцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. закусваць 2 — закусіць 2.
2. Р мн. ‑сак. Стравы, якія з’ядаюцца для апетыту перад абедам або пасля выпітага віна, гарэлкі. Халодныя закускі. □ Усе падышлі да стала, дзе з-за высока накладзеных усякіх закусак выглядалі бутэлькі са сваімі, калгаснымі наліўкамі. Чорны.
3. Салодкія стравы і фрукты, якія падаюцца пасля асноўнай яды. Пасля супу падалі кашу. А на закуску — кампот. Скрыпка.
закусці́цца, ‑ціцца; зак.
Пачаць кусціцца.
за́кусь, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і закуска (у 2 знач.). [Дзеравяга] зноў начапіў акуляры і агледзеў закусь, ад маласольных агурочкаў да вяндліны. Ваданосаў.
за́кут, ‑а, М ‑куце, м.
Абл. Адгароджанае ў хляве месца для жывёлы (звычайна дробнай). [Парасё] рохкала ў закуце, зашыўшыся ў салому. Лупсякоў.
заку́так, ‑тка, м.
1. Цёмны, цесны вугал, куток. Вайтовіч дапамог фурману выкаціць з закутка брычку і пайшоў у пакоі. Пальчэўскі.
2. перан. Глухое, аддаленае ад культурных цэнтраў месца. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак. Колас. [Сёмка Фартушнік] шкадаваў, што проста не выехаў з гэтага закутка.. ў вялікі горад. Чорны.
заку́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Дзеепрым. зал. пр. ад закуць; закаваны.
заку́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і закаваць. Няма гэткіх путаў, якімі б закулі свабоду. Танк.
закучара́віцца, ‑раўлюся, ‑равішся, ‑равіцца; зак.
Пачаць кучаравіцца. // Зрабіцца кучаравым. Шэрсць на тураўцовым сівым кані замакрэла, закучаравілася ад поту. Мележ.
заку́шаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закусіць 1.
заку́шаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закусіць 2.
за́ла, ‑ы, ж. і зал, ‑а, м.
1. Вялікае памяшканне для мнагалюдных сходаў, якіх‑н. заняткаў і пад. Чытальная зала. Канцэртная зала. Спартыўны зал. // Аб людзях, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні. [Генадзій:] Таленавітае выкананне выклікала бурную рэакцыю ўсяе залы. Крапіва. Зал не мог выгаварыцца і сціхнуць. Яго зачапілі за жывое. Пташнікаў.
2. Прасторны пакой у кватэры, прызначаны для прыёму гасцей, адпачынку. Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька, акуратна на мяшчанскі лад. Колас.
•••
Актавая зала — зала для ўрачыстых пасяджэнняў у навучальных і іншых установах.