Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

саю́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саюза, саюзу (у 2, 3 і 4 знач.). Саюзная армія. Саюзны бюджэт. □ Камсамолец Віктар ведае добра свае саюзныя абавязкі. Зарэцкі. // Які ўваходзіць у саюз, знаходзіцца ў саюзе. Саюзныя рэспублікі.

свабадне́ць, ‑ее, безас. незак.

Рабіцца больш свабодным, прасторным. Калі гару з расадай выцягваюць з доміка ў двор, у пакойчыках неяк незвычайна свабаднее. Мехаў.

свабо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Магчымасць ажыццяўлення чалавекам сваіх мэт і імкненняў на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства. У асаблівасці трэба адзначыць погляд Маркса на адносіны свабоды да неабходнасці: «неабходнасць сляпая, пакуль яна не ўсвядомлена. Свабода ёсць усведамленне неабходнасці». Ленін.

2. Адсутнасць палітычнага і эканамічнага прыгнёту, абмежаванняў у грамадска-палітычным жыцці і дзейнасці якога‑н. класа ці грамадства ў цэлым. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі ск[а]ваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

3. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт. Барацьба в’етнамскага народа супраць амерыканскай агрэсіі з’яўляецца выдатным прыкладам гераізму, стойкасці і мужнасці народа, які змагаецца за свабоду і незалежнасць. «Звязда».

4. Магчымасць дзейнічаць у якой‑н. галіне бесперашкодна, без абмежаванняў, забароны. Свабода гандлю. Свабода друку. Свабода слова. Свабода сходаў.

5. Асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць залежнасці ад каго‑, чаго‑н. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам: — Салдаты, як камандзір ваш, я даю вам поўную свабоду: ідзіце, куды самі хочаце. Лынькоў. // Магчымасць рабіць, паступаць па сваёй волі; адсутнасць абмежаванняў у чым‑н. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена. Колас.

•••

Дэмакратычныя свабоды — вызначаная законам магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, сукупнасць усіх палітычных правоў грамадзян.

Свабода веравызнання — права грамадзян свабодна вызнаваць якую‑н. рэлігію або не прытрымлівацца ніякага веравызнання.

Даць свабоду каму-чаму — тое, што і даць волю каму-чаму (гл. даць).

свабодалю́б, ‑а, м.

Свабодалюбівы чалавек.

свабодалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць свабоду, незалежнасць, які імкнецца да свабоды, незалежнасці. Свабодалюбівыя народы. // Прасякнуты любоўю да свабоды, незалежнасці, які выражае імкненне да іх. Свабодалюбівыя погляды. Свабодалюбівыя вершы. □ Нічога, нічога, што тысячы лі Пралеглі паміж франтавой паласой, Паміж рубяжамі карэйскай зямлі І песняй свабодалюбівай маёй! Танк.

свабодалю́бнасць, ‑і, ж.

Тое, што і свабодалюбства. Купала і Колас паэтызуюць у сваім героі перш за ўсё рысы свабодалюбнасці і грамадзянскай актыўнасці. Перкін.

свабодалю́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і свабодалюбівы. Вы не згіналі плеч ніколі, Свабодалюбныя сыны. Глебка.

свабодалю́бства, ‑а, н.

Любоў, імкненне да свабоды, да незалежнасці. Купалаву веру ў шчасце краіны жывілі лепшыя якасці народа і перш-наперш яго гераічнае свабодалюбства. Бярозкін. У асобе Несцеркі.. [Лойтэр] хацеў паказаць духоўную перавагу народа над прыгнягальнікамі, яго жыццёвую мудрасць, непрымірымасць да несправядлівасці, паказаць увесь аптымізм і свабодалюбства беларускага народа. Сяргейчык.

свабодамы́снасць, ‑і, ж.

1. Свабодны, незалежны склад думак.

2. У дваранска-буржуазным грамадстве — крытычныя або адмоўныя адносіны да пануючых рэлігійных, палітычных поглядаў ці існуючага ладу.

свабодамы́сны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца свабодамыснасцю. Свабодамысны чалавек.