свабода, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Магчымасць ажыццяўлення чалавекам сваіх мэт і імкненняў на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства. У асаблівасці трэба адзначыць погляд Маркса на адносіны свабоды да неабходнасці: «неабходнасць сляпая, пакуль яна не ўсвядомлена. Свабода ёсць усведамленне неабходнасці». Ленін.

2. Адсутнасць палітычнага і эканамічнага прыгнёту, абмежаванняў у грамадска-палітычным жыцці і дзейнасці якога‑н. класа ці грамадства ў цэлым. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі ск[а]ваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

3. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт. Барацьба в’етнамскага народа супраць амерыканскай агрэсіі з’яўляецца выдатным прыкладам гераізму, стойкасці і мужнасці народа, які змагаецца за свабоду і незалежнасць. «Звязда».

4. Магчымасць дзейнічаць у якой‑н. галіне бесперашкодна, без абмежаванняў, забароны. Свабода гандлю. Свабода друку. Свабода слова. Свабода сходаў.

5. Асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць залежнасці ад каго‑, чаго‑н. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам: — Салдаты, як камандзір ваш, я даю вам поўную свабоду: ідзіце, куды самі хочаце. Лынькоў. // Магчымасць рабіць, паступаць па сваёй волі; адсутнасць абмежаванняў у чым‑н. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена. Колас.

•••

Дэмакратычныя свабоды — вызначаная законам магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, сукупнасць усіх палітычных правоў грамадзян.

Свабода веравызнання — права грамадзян свабодна вызнаваць якую‑н. рэлігію або не прытрымлівацца ніякага веравызнання.

Даць свабоду каму-чаму — тое, што і даць волю каму-чаму (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)