Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цвярды́ня, ‑і, ж.

Крэпасць, умацаваныя пазіцыі. Брэсцкая цвярдыня. □ Гэта новая ў гісторыі войнаў перамога ля сцен волжскай цвярдыні, перамога савецкага чалавека над змрочнымі сіламі фашызму. «Полымя». Закончан слаўны наш паход. Цвярдыні ворага — у руінах. Таўлай. // перан. Апора. Тут генія грабніца. Два салдаты Стаяць заўжды на доблесным пасту. За імі Крэмль — людскіх надзей вястун, Цвярдыня міру, вораг войнаў клятых. Звонак.

цвяро́засць, ‑і, ж.

1. Устрыманне ад ужывання спіртных напіткаў.

2. Уласцівасць і стан цвярозага (у 2 знач.). У характары Апейкі былі дзве рысы — вельмі розныя, несуладныя: нейкая вялікая чуласць, схільнасць да элегічных адчуванняў і нязменная цвярозасць, практычнасць. Мележ.

цвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўжываў спіртнога; не п’яны. Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п’яных, і я паспешліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Карпюк. / у знач. наз. цвяро́зы, ‑ага, м.; цвяро́зая, ‑ай, ж. Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак, — яны былі толькі вясёлыя, — і Саханюка, які гарэлкі не піў. Колас. // Уласцівы такому чалавеку. — У п’яным выглядзе чалавек робіць тое, чаго ў цвярозым стане ніколі б сабе не дазволіў. Прокша.

2. перан. Разважлівы, сур’ёзны, якому не характэрны летуценнасць, фантазёрства. [Пятро Сцяпанавіч:] — Вы думаеце, хто яны, самыя цвярозыя рэалісты? Рамантыкі, у якіх выраслі зубы жыццёвай мудрасці. Палтаран. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі. Лынькоў.

цвятны́, ‑ая, ‑ое.

У выразе: цвятная капуста гл. капуста.

це́канне, ‑я, н.

Вымаўленне мяккага «ц» на месцы этымалагічна мяккага «т» (ціха, плаціць) і на месцы этымалагічна цвёрдага «т» у пазіцыі перад галоснымі пярэдняга рада (хата — у хаце, хаціна).

це́ла, ‑а, н.

1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы. Газападобнае цела. □ Метэарыты — цвёрдыя целы касмічнага паходжання. «Маладосць». // Спец. Частка прасторы, абмежаваная з усіх бакоў: тое, што мае даўжыню, шырыню і глыбіню. Прызма, шар — геаметрычныя целы.

2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах і праяўленнях. Часткі цела. □ Маладое цела жывучае. Даніленка. Мокры да касцей Сымон.. скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхнуць, цела білі дрыжыкі. Чарнышэвіч. [Пракоп] выцягнуўся на ўсю даўжыню свайго стомленага і абцяжэлага пасля ёмкага абеду цела. Колас. // Труп, мярцвяк. Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет. Гурскі. // Ужываецца для абазначэння матэрыяльнага пачатку ў чалавека ў процілегласць духоўнаму, псіхічнаму. Усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы. Маўр.

3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі. [Лясніцкі] стаяў голы і старанна націраў цела сухім палатняным ручніком. Шамякін. Дужае і стройнае цела [аленя] на стройных нагах нібы скамянела. В. Вольскі. Яшчэ пад купінай лядок, а на купіне ўжо гняздзечка кнігаўка зрабіла, яечкі сваім целам грэе. Бялевіч. // перан. Пра ствол дрэва, расліны. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывое цела, яблыня, як ад спалоху, уздрыгвала. Карпаў. [Салдацкая каска] глыбока ўвайшла ў цела дубка, і знізу дрэўца было нібы пераціснута. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Якую ж чорную навалу перанесла ты, родная Беларусь! Як знявечылі тваё святое цела кіпцюры крыважэрных драпежнікаў, што наляцелі з Захаду! Хадкевіч. Гляньце! Наліваецца злектрычнай крывёю Магутнае цела Маёй краіны. Хведаровіч.

4. Спец. Асноўная масіўная частка чаго‑н. Цела самалёта. □ Цяжка пульсуе магутнае цела паравога катла. Шынклер.

•••

Абсалютна чорнае цела — цела, якое поўнасцю паглынае праменне, што падае на яго.

Іншароднае цела — а) прадмет, які трапіў звонку ў арганізм; б) аб кім‑, чым‑н. чужым, пабочным, што застаецца адасобленым. У іншым выпадку ўсё можа скончыцца антымастацкай практыкай, і лепшыя ўзоры духоўных здабыткаў іншых народаў, перанесеныя на родную глебу, застануцца чужародным целам, штучна перасаджаным у неўласцівае яму асяроддзе. Майхровіч.

Нябеснае цела — планета, зорка, камета.

(Быць) у целе — быць поўным, укормленым, сытым.

Грошы цела не пякуць — грошы нікому не шкодзяць, ніколі не бываюць лішнімі. — А каму грошы цела пяклі? Каму яны лішнія былі? — Дзед насупіўся. Масарэнка.

Грэшнае цела — арганізм чалавека з усімі яго фізіялагічнымі праявамі як супрацьлегласць яго духоўнаму, псіхічнаму свету.

Душой і целам гл. душа.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па целе гл. мурашка.

Развітацца з целам — правесці нябожчыка ў апошнюю дарогу, пабыць на пахаванні.

Свая кашуля бліжэй да цела — сваё даражэй.

Свяціць голым целам гл. свяціць ​1.

Спасці з цела гл. спасці.

Толькі душа ў целе — ледзь жывы (пра хворага, слабага ці вельмі стомленага чалавека).

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

Увабрацца (увайсці) у цела — паправіцца, акрэпнуць; папаўнець.

целаахо́ўнік, ‑а, м.

Воін, які ахоўвае жыццё якой‑н. высокай асобы (манарха, ваеннага начальніка і пад.). А як толькі машына спыніцца, на яе адразу ж насядуць усе астатнія, целаахоўнікаў пераб’юць, а самога генерала звяжуць і — у лес. Шашкоў. // Пра чалавека, які ахоўвае і пастаянна суправаджае каго‑н. «Так што будзем мы, Галка, у бабкі целаахоўнікалі», — напісала Зоя. Ярашэвіч.

целагрэ́йка, ‑і, ДМ ‑грэйцы; Р мн. ‑грэек; ж.

1. Тое, што і душагрэйка.

2. Падшываная ватовая куртка; ватоўка. Малады пастух у целагрэйцы ляскаў пугай. Хомчанка. Скінуўшы целагрэйку, шафёр абсякаў галлё. Пальчэўскі.

целаскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Будова, формы цела чалавека; фігура. Атлетычны целасклад. Моцны целасклад. // Структура, будова цела жывёл, птушак. Коні розных народ адрозніваюцца целаскладам.

це́льнасць, ‑і, ж.

Стан цяжарнасці ў кароў.