цела, ‑а, н.

1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы. Газападобнае цела. ▪ Метэарыты — цвёрдыя целы касмічнага паходжання. «Маладосць». // Спец. Частка прасторы, абмежаваная з усіх бакоў: тое, што мае даўжыню, шырыню і глыбіню. Прызма, шар — геаметрычныя целы.

2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах і праяўленнях. Часткі цела. ▪ Маладое цела жывучае. Даніленка. Мокры да касцей Сымон.. скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхнуць, цела білі дрыжыкі. Чарнышэвіч. [Пракоп] выцягнуўся на ўсю даўжыню свайго стомленага і абцяжэлага пасля ёмкага абеду цела. Колас. // Труп, мярцвяк. Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет. Гурскі. // Ужываецца для абазначэння матэрыяльнага пачатку ў чалавека ў процілегласць духоўнаму, псіхічнаму. Усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы. Маўр.

3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі. [Лясніцкі] стаяў голы і старанна націраў цела сухім палатняным ручніком. Шамякін. Дужае і стройнае цела [аленя] на стройных нагах нібы скамянела. В. Вольскі. Яшчэ пад купінай лядок, а на купіне ўжо гняздзечка кнігаўка зрабіла, яечкі сваім целам грэе. Бялевіч. // перан. Пра ствол дрэва, расліны. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывое цела, яблыня, як ад спалоху, уздрыгвала. Карпаў. [Салдацкая каска] глыбока ўвайшла ў цела дубка, і знізу дрэўца было нібы пераціснута. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Якую ж чорную навалу перанесла ты, родная Беларусь! Як знявечылі тваё святое цела кіпцюры крыважэрных драпежнікаў, што наляцелі з Захаду! Хадкевіч. Гляньце! Наліваецца злектрычнай крывёю Магутнае цела Маёй краіны. Хведаровіч.

4. Спец. Асноўная масіўная частка чаго‑н. Цела самалёта. ▪ Цяжка пульсуе магутнае цела паравога катла. Шынклер.

•••

Абсалютна чорнае цела — цела, якое поўнасцю паглынае праменне, што падае на яго.

Іншароднае цела — а) прадмет, які трапіў звонку ў арганізм; б) аб кім‑, чым‑н. чужым, пабочным, што застаецца адасобленым. У іншым выпадку ўсё можа скончыцца антымастацкай практыкай, і лепшыя ўзоры духоўных здабыткаў іншых народаў, перанесеныя на родную глебу, застануцца чужародным целам, штучна перасаджаным у неўласцівае яму асяроддзе. Майхровіч.

Нябеснае цела — планета, зорка, камета.

(Быць) у целе — быць поўным, укормленым, сытым.

Грошы цела не пякуць — грошы нікому не шкодзяць, ніколі не бываюць лішнімі. — А каму грошы цела пяклі? Каму яны лішнія былі? — Дзед насупіўся. Масарэнка.

Грэшнае цела — арганізм чалавека з усімі яго фізіялагічнымі праявамі як супрацьлегласць яго духоўнаму, псіхічнаму свету.

Душой і целам гл. душа.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па целе гл. мурашка.

Развітацца з целам — правесці нябожчыка ў апошнюю дарогу, пабыць на пахаванні.

Свая кашуля бліжэй да цела — сваё даражэй.

Свяціць голым целам гл. свяціць 1.

Спасці з цела гл. спасці.

Толькі душа ў целе — ледзь жывы (пра хворага, слабага ці вельмі стомленага чалавека).

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

Увабрацца (увайсці) у цела — паправіцца, акрэпнуць; папаўнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)