закля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Абл. Анямець, здранцвець (пра рукі, ногі і пад.). Хутчэй інстынктыўна, чым свядома, я ўсхапіўся на ногі, каб пабегчы, нырнуць у гарод, і ў той жа момант паваліўся на зямлю — ад доўгага, нерухомага сядзення ў мяне закляклі ногі, і я не мог на іх стаяць. Сачанка.
закляпа́цца, ‑аецца; зак.
Паддацца заклёпцы, заклёпванню. Вядро добра закляпалася.
закляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. закляпай; зак., што.
Распляскаць канец заклёпкі, шпяня і пад., змацоўваючы імі што‑н., закрываючы якую‑н. шчыліну, дзірку. [Антон] прывычным жэстам схапіў дзве часткі, што разышліся, сціснуў іх з усёй сілы, закляпаў сцёртую трубку. Кавалёў.
заклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кляняце; пр. закляў, ‑кляла, ‑ло;
Зак. да заклінаць.
заклясці́ся, ‑клянуся, ‑клянешся, ‑клянецца; ‑клянёмся, ‑кленяцеся; пр. закляўся, ‑клялася, ‑лося; зак.
Адмовіцца рабіць што‑н.; зарачыся.
закля́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, на якога накладзена закляцце; пракляты. Многа было апавяданняў і пра заклятыя грошы. Чорны. Міхал ідзе адзін, пануры, І сам ён хмур, і думкі хмуры, Як гэты лес, снягамі сцяты Як замоўлены, закляты. Колас.
2. Непрымірымы, вечны (пра ворага, праціўніка). Шмат пакуль у смерці памагатых, Ворагаў жыцця заклятых. Зарыцкі. — Хай заклятыя паны На галлі асін пятрэюць! Кляшторны.
закля́цце, ‑я, н.
Уст.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклінаць — заклясці.
2. Тое, што і заклінанне (у 2 знач.). Мая дарагая матуля, Прывет і паклон мой табе, Тваё я закляцце ад кулі Заўсёды нашу пры сабе. Астрэйка.
3. Клятва, абяцанне, зарок. На гэтых завушніцах я напісаў закляцце — Усё, што не сказаў ёй, А ў чым хацеў прызнацца. Танк.
зако́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад закалоць 1.
зако́лвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да закалоцца.
2. Зал. да заколваць.