Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заклёпка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклёпваць — закляпаць.

2. Р мн. ‑пак. Металічны шпень з шырокай галоўкай на адным канцы, прызначаны для змацавання металічных частак чаго‑н. На зашмальцаваных тронках нажа ярка вызначалася жоўтыя заклёпкі накшталт рыбіных вачэй. Дуброўскі.

заклёпшчык, ‑а, м.

Рабочы, які робіць заклёпку (у 1 знач.).

заклёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закляваць ​1.

за́клік, ‑у, м.

1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.

2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.

3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

закліка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які заклікае, заве. Грозная хваля песні нарастае, грыміць па лесе, як заклікальны звон. Шчарбатаў.

закліка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. закліка́ць — заклі́каць; зазыванне.

закліка́цца, а́ецца; незак.

Зал. да закліка́ць.

заклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць прыйсці куды‑н. Заклікаць у госці. □ Алесь, спаткаўшы Алёнку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Колас.

2. да чаго, на што. Звярнуцца з заклікам да каго‑н., прапанаваць прыняць удзел у якой‑н. важнай справе, зрабіць што‑н. Давераная асоба падрабязна расказала аб жыццёвым шляху кандыдата ў дэпутаты, заклікала ўсіх выбаршчыкаў акругі ў дзень выбараў аднадушна аддаць за яго свае галасы. «Звязда». Хочацца [Сымону] заклікаць людзей на вялікую новую працу. Колас. // Запатрабаваць ад каго‑н. весці сябе належным чынам. Заклікаць да парадку.

закліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заклі́каць.

заклінава́цца, ‑нуецца; зак.

Перастаць рухацца ў выніку шчыльнага прыціскання да чаго‑н. Затвор вінтоўкі заклінаваўся.

заклінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.

Замацаваць пры дапамозе кліна. Заклінаваць тапарышча. □ Качэлі складалі на зямлі: уставілі вось у слупы.. і заклінавалі ў ёй дубовым кліннем палкі. Пташнікаў.