Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

румя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Стэпавая двухгадовая расліна сямейства бурачнікавых з цвёрдымі шурпатымі лістамі і пурпурнымі кветкамі.

румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.

2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.

3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.

румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.

Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.

руне́цца, ‑еецца; незак.

Тое, што і рунець.

руне́ць, ‑ее; незак.

Узыходзячы, зелянець (звычайна пра азімыя пасевы). Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта. Колас. Весела рунела атава на сенажацях. Хадкевіч. // Вылучацца сваім зялёным колерам. Над шэрай страхою рунела сасна. Вялюгін.

ру́ністы, ‑ая, ‑ае.

Які мае густое руно, густую шэрсць. Руністая парода авечак.

руні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рунаў. Рунічнае пісьмо.

руно́, ‑а, н.

Шэрсць авечкі. Тонкае руно.

•••

Залатое руно — у грэчаскай міфалогіі: залатая шкура барана.

ру́ны, рун; адз. руна, ‑ы, ж.

1. Старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях і іншых прадметах. Шмат якія руны відавочна маюць сляды апрацоўкі, але зроблена яна тонка. Лужанін.

2. Старадаўнія народныя песні ў карэлаў, фінаў і эстонцаў.

рунь, ‑і, ж.

Усходы, пасевы азімых культур. Пасля дажджоў на полі дружна паднялася зялёная рунь. Навуменка. Ужо засыпаў на бярозах майскі жук, ліст убраўся ў сілу, а на палетках вырасла маладая рунь. Лупсякоў. Статак пагналі за выган, на жытнёвую рунь. М. Ткачоў.

ру́пар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]