румяны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.
2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.
3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.
румяны 2, ‑аў; адз. няма.
Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)