Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вяршо́к 1, ‑шка, м.

Мера даўжыні, роўная 4,4 см, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

вяршо́к 2, ‑шка, м.

1. Верхняя частка чаго‑н.; верх, верхавіна. Вяршок дрэва. □ Здалёк бабкі здаваліся прысадзістымі белымі кустамі з завостранымі вяршкамі. Якімовіч. Маладыя яблынькі адно самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта. Чорны.

2. толькі мн. (вяршкі́, ‑оў). Тлусты верхні слой на малацэ, якое адстоялася; смятанка. [Нявестка:] — Кожны дзень хтосьці з’ядаў вяршкі ў збанках з малаком. Пальчэўскі.

•••

Збіраць вяршкі з чаго гл. збіраць.

вяршы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вяршыні.

вяршы́ня, ‑і, ж.

1. Самы высокі пункт, верхняя частка чаго‑н. Узысці на вяршыню гары. Вяршыні дубоў. □ Празрыста зялёнымі рабіліся вяршыні бяроз у блізкім парку. Лынькоў.

2. перан. Вышэйшая ступень чаго‑н. Вяршыня творчасці пісьменніка. Вяршыня славы.

вяршы́цель, ‑я, м.

Кніжн. Той, хто вяршыць справамі, распараджаецца чым‑н. Вяршыцель лёсу.

вяршы́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑целек; ж.

Кніжн. Жан. да вяршыцель.

вяршы́цца, ‑шыцца; незак.

1. Вырашацца.

2. Зал. да вяршыць.

вяршы́ць, вяршу, вяршыш, вяршыць; незак., што.

1. Рабіць верх, верхнюю частку чаго‑н.; завяршаць што‑н. Вяршыць страху. □ Вось ля гэтага ядлоўцу Ён [партызан] вяршыў з брыгадай стог. Панчанка.

2. Вырашаць, распараджацца. Вяршыць справы. Вяршыць лёсам людзей.

вяршэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вяршыць.

вяршэ́нства, ‑а, н.

Уст. Пануючае, кіруючае становішча. / у паэт. ужыв. Прымі ж удзячнасці вяршэнства, Бярозавы мой сіні кут, Што ты ўбярог маё маленства Ад слёз дарослых і пакут. Вярба.

вяршэ́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Уст. Быць галоўным дзе‑н., у чым‑н., ўзначальваць, панаваць.