Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пракру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракруціць.

пракры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Адна з сярэднеіндыйскіх літаратурных моў, якая развілася з дыялектаў старажытнаіндыйскіх моў.

[Ад санскр. prākṛta — просты, натуральны.]

пракры́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пракрыту. Пракрыцкія дыялекты. Пракрыцкая літаратура.

пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.

2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.

3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.

•••

Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).

пракрэ́сліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пракрэсліваць — пракрэсліць.

пракрэ́слівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пракрэсліваць.

пракрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пракрэсліць.

пракрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Правесці рысу, рыску ў чым‑н., абазначаючы пропуск; зрабіць прочырк. Пракрэсліць графу ў анкеце.

пра́ктык, ‑а, м.

1. Той, хто добра вывучыў сваю справу на практыцы. Цяпер прыйшлі ў калгас людзі з адукацыяй, практыкі, спецыялісты. Сергіевіч.

2. Практычны, дзелавы чалавек. У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Ён практык, увішны ў рабоце. Чорны.

пра́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.

2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.

3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.

4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. □ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.

5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. □ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.

6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.

[Ад грэч. praktikos — дзейны.]