практыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.
2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.
3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.
4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. ▪ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.
5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. ▪ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.
6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.
[Ад грэч. praktikos — дзейны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)