Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, перамясціць, змясціць куды‑н. Закаціць калёсы ў хлеў. □ Каля магазіна [Вова і Пеця] знайшлі бочку, закацілі яе на самы высокі пагорак. Хомчанка.

2. Разм. Уехаць, заехаць куды‑н. Макара шукалі ўсім калгасам. Але нідзе не знайшлі. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Закаціў на калясцы ў Язэпаву зямлянку, выцер пот рукавом. Асіпенка.

3. Разм. Учыніць, зрабіць што‑н. надзвычайнае. Закаціць скандал. Закаціць істэрыку. □ Шахцёр спыніўся, падняў угору .. букет і закаціў такую прамову, што ў Міхася міжвольна прайшоўся па спіне халадок. Лупсякоў.

•••

Закаціць (падвесці) вочы — завесці зрэнкі пад верхнія павекі.

закача́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Качаючыся, пакрыцца, абляпіцца чым‑н.; укачацца. Закачаўся ў снег.

закача́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Прыемна здзівіцца, прыйсці ў захапленне. — Я і цяпер сваечку так абкантую, што закачаешся! «Работніца і сялянка».

•••

Хоць закачайся — пра што‑н. вельмі добрае, асаблівае.

закача́цца 3, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць качацца (у 1 знач.).

закача́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што, у што.

Качаючы, пакрыць, абляпіць чым‑н. зверху. Закачаць мяса ў цеста.

закача́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.

Пачаць качаць (у 5 знач.).

зака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Зайсціся моцным працяглым кашлем. Хлапчук ахвотна зацягнуўся дымам і закашляўся. Чорны. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Шамякін.

зака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Пачаць кашляць. // Кашлянуць некалькі разоў запар. Праз нейкі час на веранду выйшаў Пілацееў. Сяляне закашлялі і паціху, амаль разам, прывіталіся. Галавач.

закаштава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., чаго і без дап.

Разм. Паспрабаваць на смак; пакаштаваць. Закаштаваць каравая.

зака́яцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Даць сабе слова, абяцанне не рабіць чаго‑н. у далейшым; зарачыся. Закаяцца піць гарэлку.

заква́каць і закво́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць квакаць, квокаць.

заквакта́ць, ‑квакчу, ‑квокчаш, ‑квокча і заквахта́ць, ‑квахчу, ‑квохчаш, ‑квохча; зак.

Пачаць квактаць, квахтаць.

заква́сіцца, ‑сіцца; зак.

Стаць кіслым у выніку браджэння; закіснуць. Капуста заквасілася.