Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

закатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Давесці да смерці, замучыць катаваннем. Траіх дзяўчат схапілі і закатавалі ў гестапа. Мележ. Даша яшчэ маленькая ведала, што Пецевага бацьку па-зверску закатавалі нейкія бандыты-балахоўцы. Ракітны.

закато́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да закатаваць.

зака́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пачаць каўкаць.

закаўра́ш, ‑а, м.

Тое, што і абшлаг.

закаха́насць, ‑і, ж.

Стан закаханага. Вера адчувала, што любіць чалавека нейкай хваравітай закаханасці. Асіпенка.

закаха́ны, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.

закаха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Адчуць пачуццё кахання да каго‑н.; улюбіцца. — Галіна Макараўна закахалася па самыя вушы ў Мятлу і думала, што гэта ніхто не заўважае. Машара.

закаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Абудзіць у кім‑н. пачуццё кахання да сябе, прымусіць пакахаць. Уласна кажучы, у апошнія гады.. [Тамары Аляксандраўне] не столькі хацелася зачараваць.. [Яраша], закахаць, колькі проста пераможна ўзяць — націскам, прыступам. Шамякін.

зака́цісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Гучны, працяты; раскацісты (пра смех). Сюды ж, у гэтую сімфонію фабрычных гудкоў, далучаецца грукат .. сялянскіх калёс, гоман рыбакоў, стук вёсел і закацісты смех вясёлага чалавека. Колас.

закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.

2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.

3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.