сасмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сасмактаць.
сасмя́глы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і сасмаглы. Узрушаны Косця, з двара У скочыўшы хуценька ў дом, Сасмяглы, прыпаў да вядра, Напіўся сцюдзёнкі нагбом. Калачынскі. Аблізаўшы сасмяглыя, гаркаватыя губы, Лёдзя паспрабавала ўсміхнуцца. Карпаў. Сінія званочкі, сінія званкі Стаялі сасмяглыя, сонныя. Бураўкін.
сасмя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і сасмагнуць. Апошнюю кроплю з біклагі не п’юць [салдаты], хоць сасмяглі зусім. Гаўрусёў. Твар лейтэнанта быў белы, як крэйда, губы сасмяглі. Курто. А лета было сухім, без дажджынкі, зямля сасмягла, патрэскалася. Лынькоў.
сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.
Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.
•••
Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.
саснава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад саснаваць.
саснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., што.
Разм.
1. Зрасходаваць снуючы (пражу, ніткі). Саснаваць усе ніткі.
2. Сплесці (пра павуціну).
сасні́цца, ‑снюся, ‑снішся, ‑сніцца; зак.
Уявіцца ў сне, прысніцца. І пілі [хлопец з дзяўчынай] з вядра вадзіцу, і п’янелі ад вады, — гэтак часам сон сасніцца, — светлы сон і малады. Машара. / у безас. ужыв. Саснілася, што ідзе.. [Марыя] па дарожцы нейкага парку. Кулакоўскі.
сасні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што і з дадан. сказам.
Убачыць сон, убачыць што‑н. у сне. Спаў Даніла ў гэтую ноч.. добра і сасніў сваю жонку Ульяну. Кулакоўскі. І сасніла [Маша] дзіўны сон. Шамякін. Можа сасніць караваншчык сівы, Што недзе над Мінскам, Пад самым сонцам, Пра шчасце курлыкаюць журавы. Панчанка.
сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
сасня́к, ‑у, м.
1. Сасновы лес. Езджай дарогі няма — чарналессе, зарослыя чэзлым сасняком балоты. Навуменка. Тут зусім нядаўна Шумеў сасняк калматы. Аўрамчык.
2. зб. Сасновыя дошкі, бярвенне, галлё і пад. Акцызнік зноў «збіраў усіх у кучу», сеўшы на свежы лоўж сасняку, які быў скіданы ўчора абы-як на просецы. Пташнікаў.