чыстагатунко́вы, ‑ая, ‑ае.
Адборны, чыстага гатунку. Чыстагатунковая бульба. Чыстагатунковае зерне.
чыстакро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Разм. Чыстакроўная, пародзістая жывёліна.
чыстакро́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чыстакроўнага (у 1 знач.). Чыстакроўнасць пароды.
чыстакро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Чыстай, не змешанай пароды (пра жывёл). — Гэта не трус, а трусіха, — нахмурыўшыся, адрэзаў Дапік. — І прытым не абы-якая трусіха, а чыстакроўная «белы велікан». Краўчанка.
2. Разм. Сапраўдны, праўдзівы. Гэта — чыстакроўная арыстакратка, і нізавошта мяне не прызнала б за чалавека, калі б я стаў нават мільянерам! Карпюк. [Драздовіч:] — Яго [Павалковіча] тут старым кавалерам завуць, шляхціцам. Хоць ніякі ён не шляхціц, з дзеда-прадзеда чыстакроўны мужык. Машара. // Тыповы, яскрава выражаны, характэрны для каго‑, чаго‑н. (пра чалавека). Чыстакроўны паляшук. Чыстакроўны немец.
чыстапаро́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чыстапароднага. Чыстапароднасць статка.
чыстапаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць да якой‑н. адной пароды, мае ўласцівыя ёй прыкметы (пра свойскую жывёлу). Чыстапародная жывёла, сытыя цяляты на адпоі, такія аднолькавыя і чысценькія, што нават далёкаму ад сантыментаў мужчыну хочацца цалаваць іх у зорачкі на лбе. Караткевіч. // Які складаецца з такой жывёлы. Чыстапародны статак.
2. Звязаны з якой‑н. адной пародай; які праводзіцца без змешвання з іншымі пародамі. Чыстапароднае развядзенне сельскагаспадарчай жывёлы.
чыстапіса́нне, ‑я, н.
Навучальны прадмет у пачатковых класах, які мае сваёй мэтай выпрацоўку прыгожага почырку ў вучняў. Двойку Борка зарабіў Па чыстапісанню: Ён у кляксах утапіў Словы ўсе дазвання. А. Александровіч.
чыстаплю́й, ‑я, м.
Разм. пагард. Чалавек, які не любіць чорнай працы, грэбуе ёю. // перан. Чалавек, які абмінае заганы жыцця, не імкнецца змагацца з імі. Да апошняга моманту.. [Гукан] спадзяваўся, што тую віну (ён не лічыў яе такой цяжкай, як лічыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваімі заслугамі, ваеннымі, пасляваеннымі. Шамякін.
чыстаплю́йка, ‑і, ДМ ‑плюйцы; Р мн. ‑плюек; ж.
Разм. пагард. Жан. да чыстаплюй.
чыстаплю́йства, ‑а, н.
Разм. пагард. Уласцівасць і паводзіны чыстаплюя.