Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

драцяны́, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з дроту. Драцяная агароджа. Драцяная сетка. // перан. Пругкі, каляны, падобны на дрот. Каля.. [Аркадзя Цімафеевіча] круціўся, цёрся аб ногі вялікі сібірскі кот, шэры, з доўгімі драцянымі вусамі. Дуброўскі.

драч, ‑а, м.

Невялікая лугавая птушка сямейства пастушковых з характэрным скрыпучыя крыкам; дзяркач ​2. На лузе паспешліва заскрыпеў сваім прарэзлівым голасам драч. Паслядовіч.

дра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Цяслярская металічная прылада з двума вострымі загнутымі канцамі для падгонкі бярвенняў, дэталей і пад. Побач, раз-пораз узмахваючы сякерай, абчэсвае дошкі брат .., а каля яго са шнуром і драчкай у руках завіхаецца бацька. Краўчанка. Кляўко з сваім сынам з Муравейнікаў прыйшлі — прыпу[ск]алі драчкаю другое бервяно на новай сырабойні. Баранавых.

2. Месца паміж лініямі, праведзенымі пры дапамозе такой прылады на бервяне, дошцы; паз. Назаўтра Тарэнта ўжо выбіраў у бервяне драчку, высякаў вугал, клаў мох і прыладжвае бервяно да зруба. Галавач.

3. Абл. Тарка. Аня нахіліла галаву ніжэй пад драчкай: яна канчала драць бульбу. Кудравец.

драчо́на, ‑ы, ж.

Абл. Дранік; бабка з дранай бульбы. [Шляхцюк] дастаў з торбы драчону з салам і пачаў есці. Гарэцкі.

драчо́нік, ‑а, м.

Тое, што і дранік. Назаўтра раніцай, яшчэ Сцепаніда не ўправілася напячы драчонікаў, як у дзедаву хату зайшоў старшыня калгаса. Рылько.

дроб 1, ‑у, м.

Разм. Кавалачак чаго‑н.; драбок. Дроб цукру. □ Ганька паспешна снедае. Паспешна кладзе ў сваю торбачку, поруч з букваром, загорнуты ў капусны ліст дроб сыру з хлебам. Васілевіч. [Яніна] адрэзваг ладны дроб сала. Мурашка.

дроб 2, ‑у; мн. дробы, ‑аў; м.

Лік, які складаецца з пэўнай колькасці роўных частак адзінкі. Вывучаць дровы. Множанне дробаў.

•••

Бесканечны дзесятковы дроб — дроб з неабмежаванай колькасцю дзесятковых знакаў.

Дзесятковы дроб — дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10 (такі дроб запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку).

Няправільны дроб — дроб, у якім лічнік большы за назоўнік.

Перыядычны дроб — бесканечны дзесятковы дроб, у якім адна або некалькі лічбаў нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці.

Правільны дроб — дроб, у якім лічнік меншы за назоўнік.

дро́бавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з дробу ​2. Дробавы лік. Дробавая велічыня.

дро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Разм. Маленькі кавалачак чаго‑н.; крупінка. Дробка солі. □ Стасюк адкусваў па дробцы ад хлебнай скарынкі і кідаў курам. Чорны.

дро́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад драбіць.

дробна... (а таксама драбна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «дробны», напрыклад: дробнакаліберны, дробнаўласніцкі.